XI Міжнародная выстава-кірмаш «Садзейнічанне здароваму ладу жыцця - 2015»

З 17 па 19 верасня 2015 года ў дзяржаўнай установе «Брэсцкая абласная спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву» прайшла XI Міжнародная выстава-кірмаш «Садзейнічанне здароваму ладу жыцця - 2015».

Наш універсітэт традыцыйна прыняў актыўны ўдзел у гэтым мерапрыемстве, дзе яго выкладчыкі і спецыялісты прадставілі больш за 100 матэрыялаў. У наведвальнікаў выставы асаблівую цікавасць выклікалі практычныя распрацоўкі, напрыклад, методыка біяімпедансаметрычнага абследавання (вымярэнне вагі, вызначэнне мышачнай і касцявой масы, утрыманне тлушчу і вады ў арганізме), якую прадставілі лабарант кафедры анатоміі, фізіялогіі і бяспекі чалавека А.Г. Пархац і студэнты факультэта фізічнага выхавання пад кіраўніцтвам дацэнта А.М. Герасевіча і загадчыка кафедры С.У. Панько. За перыяд працы выставы-кірмашу абследаванне прайшлі больш за 200 чалавек. Загадчык кафедры лёгкай атлетыкі, плавання і лыжнага спорту, кандыдат педагагічных навук А.В. Шароў прадставіў функцыянальны прыбор «Алімп-2». Старшым выкладчыкам кафедры методыкі выкладання матэматыкі і інфарматыкі Л.І. Капіцай і студэнтамі фізіка-матэматычнага факультэта былі падрыхтаваны і прадэманстраваны відэаролікі «Аб здаровым ладзе жыцця».

Выкладчыкамі кафедры фізічнай культуры (К.І. Гурына, Н.С. Мілашук, М.І. Сулейманава і загадчык кафедры Т.С. Дзямчук) праведзена інтэлектуальна-спартыўная віктарына «Рынг», накіраваная на прапаганду здаровага ладу жыцця і засваенне ведаў у галіне фізічнай культуры і спорту.

Студэнты геаграфічнага факультэта правялі акцыі «Захаваем Зямлю» і «Кожны дзень здаровая ежа». Спецыялісты сектара турыстычных і фізкультурна-аздараўленчых паслуг прадставілі лістоўкі-флаеры, якія змяшчаюць інфармацыю аб платных фізкультурна-аздараўленчых паслугах, што аказваюцца ўніверсітэтам.

На працягу ўсіх дзён выставы-кірмашу з наведвальнікамі працавалі педагогі-псіхолагі і сацыяльныя педагогі аддзела выхаваўчай працы з моладдзю. Жадаючыя маглі атрымаць кансультацыю, прайсці псіхалагічнае тэставанне («Псіхагеаметрычны тэст», арттэхніка «Маскі», праектыўная методыка «Мая сям’я», экспрэс-методыка «Віні Пух і яго сябры»).

Студэнты нашага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам спецыялістаў студэнцкага клуба прадставілі творчыя нумары ў канцэртнай праграме адкрыцця выставы-кірмашу.

Ва ўсі дні працы выставы-кірмашу пад кіраўніцтвам педагога сацыяльнага АВП Н.А. Вайтуховіч працавала агітбрыгада «Пульс» па прапагандзе здаровага ладу жыцця ў рамках прафілактыкі курэння «Наш выбар – жыццё без тытуню!» і прафілактыкі алкагалізму «Не адбірай у сябе заўтра!». Сваю актыўнасць праявілі студэнты-валанцёры псіхолага-педагагічнага, сацыяльна-педагагічнага і фізіка-матэматычнага факультэтаў: яны дзяжурылі, суправаджалі гасцей выставы-кірмашу, праводзілі анкетаванне па вывучэнні меркавання наведвальнікаў аб арганізацыі і правядзенні мерапрыемства. Арганізатары выставы-кірмашу высока ацанілі працу студэнтаў-валанцёраў.

На закрыцці выставы БрДУ імя А.С. Пушкіна быў адзначаны дыпломам за шматгадовы і актыўны ўдзел у выставе, плённае супрацоўніцтва ў сферы фарміравання здаровага ладу жыцця.

Педагог сацыяльны аддзела выхаваўчай працы з моладдзю
Наталля Анатольеўна Вайтуховіч

Падзяліцца: