Ва ўніверсітэце прайшоў лёгкаатлетычны крос «Залатая міля»

1 кастрычніка адбылося традыцыйнае першынства ўніверсітэта па лёгкаатлетычным кросе «Залатая міля», прысвечанае Дню настаўніка і 70-годдзю стварэння ўніверсітэта. Усяго ў святочным мерапрыемстве прынялі ўдзел 262 студэнты 10 факультэтаў. Спаборніцтвы прайшлі ў Парку культуры і адпачынку горада Брэста ў не па-асенняму цёплае надвор’е, што дазволіла яго ўдзельнікам паказаць максімальныя вынікі.

У камандным першынстве, што вызначалася па пяці лепшых выніках, на першым месцы апынулася каманда факультэта фізічнага выхавання – як у юнакоў, так і у дзяўчат. У мужчын II месца заваявала каманда фізіка-матэматычнага факультэта, зусім нямнога ёй прайграў гістарычны факультэт, што апынуўся на трэцім месцы. У дзяўчат II месца заняла каманда біялагічнага факультэта, а трэцяе – факультэт замежных моў.

У абсалютным першынстве ў юнакоў увесь п’едэстал дастаўся прадстаўнікам факультэта фізічнага выхавання: І месца – Свіціч Сяргей, II месца – Піцін Уладзіслаў, III месца – Васільеў Алег. У дзяўчат на першым месцы Дабравіцкая Алеся (юрыдычны факультэт), II месца – Ярмалюк Яна (факультэт фізічнага выхавання), III месца – Кахавец Алена (факультэт фізічнага выхавання).

Сярод студэнтаў, якія не спецыялізуюцца ў лёгкай атлетыцы, у юнакоў І месца заняў студэнт факультэта фізічнага выхавання Кожанаў Уладзіслаў, на другім месцы з такім жа вынікам, але ў наступным забегу быў прадстаўнік матэматычнага факультэта Манцэвіч Павел, а замкнуў прызавую тройку студэнт факультэта фізічнага выхавання Кандратовіч Ілья. У дзяўчат І месца заняла студэнтка геаграфічнага факультэта Ахрымук Ірына, на II месцы – Натчук Алена з гістарычнага факультэта, на трэцім – Мацюк Святлана з філалагічнага факультэта.

Галоўны суддзя спаборніцтваў – старшы выкладчык кафедры лёгкай атлетыкі, плавання і лыжнага спорту Шуцееў А.І.

Кафедра лёгкай атлетыкі, плавання і лыжнага спорту

Падзяліцца: