З Днём нараджэння, універсітэт!

30 кастрычніка ў Абласным грамадска-культурным цэнтры адбылося ўрачыстае пасяджэнне Рады ўніверсітэта, прысвечанае 70-й гадавіне з дня заснавання навучальнай установы. Каб адзначыць гэтую найважнейшую дату, у канцэртнай зале сабраліся супрацоўнікі ўніверсітэта, выпускнікі, ветэраны педагагічнай працы і студэнты. Павіншаваць універсітэт з юбілеем прыбылі Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Жураўкоў М.А., кіраўнікі вобласці і горада, дэлегаты вышэйшых навучальных устаноў нашай краіны, прадстаўнікі замежных дзяржаў, духавенства праваслаўнай і рымска-каталіцкай царквы, члены апякунскай рады і іншыя паважаныя госці.

У холе АГКЦ гасцей сустракаў творчы калектыў камернага аркестра Музычнага каледжа імя Р. Шырмы, які выконваў класічныя і сучасныя творы, што, несумненна, узмацніла святочную атмасферу.

Ва ўрачыстай абстаноўцы прадстаўнікі прафесарска-выкладчыцкага складу і супрацоўнікі ўніверсітэта былі адзначаны ўзнагародамі Савета Міністраў і Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі, Брэсцкага абласнога і гарадскога выканаўчых камітэтаў і Саветаў дэпутатаў, Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і, вядома, самога ўніверсітэта.

З нагоды юбілею адбыўся святочны канцэрт. Для любімых выкладчыкаў і гасцей выступілі студэнты і выпускнікі ўніверсітэта, танцавальныя калектывы Установы адукацыі «Брэсцкі абласны цэнтр моладзевай творчасці» і Народны вакальны ансамбль Брэсцкага цэнтра культуры «Мiлавiца».

Свята, якое аб’яднала ўсіх, каго лёс звязаў з Брэсцкім дзяржаўным універсітэтам імя А.С. Пушкіна, ад студэнтаў да ветэранаў, атрымалася яркім, насычаным і душэўным.

Аддзел выхаваўчай працы з моладдзю

Падзяліцца: