Да юбілею любімага класіка

«Не паміраць паэтам вечна…» – з такой назвай на філалагічным факультэце 26 лістапада 2015 г. адбыўся адкрыты конкурс чытальнікаў, прысвечаны 85-гадоваму юбілею Уладзіміра Караткевіча.

Спадчына геніяльнага творцы сабрала студэнтаў філфака і вучняў школ, гімназій, ліцэяў горада Брэста. Уладзімір Караткевіч любіў Берасцейшчыну і Палессе, быў лёсам звязаны з нашай навучальнай установай: сябраваў з прафесарам Уладзімірам Калеснікам, неаднойчы прыязджаў да студэнтаў на абмеркаванне сваіх новых твораў. Тут ён сустрэў сваю будучую жонку – выкладчыцу Валянціну Нікіціну.

У дзень нараджэння генія маладыя берасцейцы натхнёна, артыстычна, таленавіта чыталі творы любімага пісьменніка і яго сяброў-паэтаў, а таксама ўласныя вершы. Выступленні канкурсантаў узрушылі арганізатараў свята, выкладчыкаў кафедры беларускага літаратуразнаўства і журналістыкі, студэнтаў і гасцей факультэта – настаўнікаў і вучняў. Пісьменнік і сёння адкрывае новым пакаленням сапраўдную Беларусь – рыцарскую, легендарную, годную, казачную, вучыць быць беларусамі і ганарыцца гэтым, любіць і шанаваць Бацькаўшчыну…

Кафедра беларускага літаратуразнаўства

Падзяліцца: