Шлях у прафесію

Семінары-сустрэчы студэнтаў з лепшымі настаўнікамі-філолагамі горада і вобласці рэгулярна наладжвае кафедра беларускага літаратуразнаўства. 4 снежня 2015 года гасцямі факультэта сталі настаўнікі і старшакласнікі ДУА “Хідрынскі вучэбна-педагагічны комплекс яслі-сад – сярэдняя школа” на чале з былой студэнткай філалагічнага факультэта, а зараз настаўніцай вышэйшай катэгорыі і дырэктарам гэтай установы Аленай Мікалаеўнай Назарук. Старшакласнікі, а іх было больш за дваццаць, даўно марылі сустрэцца са стваральнікамі сваіх школьных падручнікаў па беларускай літаратуры і задаць ім пытанні. Дзеці з цікавасцю слухалі аўтараў падручнікаў З.П. Мельнікаву, Г.М. Ішчанка, У.А. Сенькаўца, С.М. Шчэрбу, В.М. Смаля, якія зычліва запрашалі юнакоў і дзяўчат паступаць на філалагічны і іншыя факультэты нашага ўніверсітэта.

Студэнты факультэта, пяцікурсніцы Вольга Хвораст і Вольга Кавалевіч (апошняя, дарэчы, былая выпускніца Хідрынскай СШ), першакурснікі Святлана Жыгар і Вадзім Пукала распавялі вучням аб матывах свайго выбару прафесіі філолага, аб тым, якое цікавае і насычанае студэнцкае жыццё. Студэнты 3 курса Марына і Павел Канановічы расказалі гасцям пра свой шлях на філфак і выканалі песню. Чытала свае вершы і спявала для гасцей былая студэнтка факультэта, а зараз загадчык Навукова-асветнага цэнтра імя У.А. Калесніка Святлана Варонік.

Намеснік дэкана С.М. Шчэрба правяла для старшакласнікаў Хідрынскай школы экскурсію па факультэце і ў Зімовы сад, а пасля запрасіла ў студэнцкую сталовую.

Адначасова адбывалася сустрэча-семінар студэнтаў 3-га і 5-га курсаў з Аленай Мікалаеўнай Назарук. Ад шаноўнай госці, вопытнага педагога і кіраўніка, студэнты даведаліся пра многае: як ажыццяўляецца адукацыйна-выхаваўчы працэс у сучасных вясковых вучэбна-педагагічных комплексах, ці лёгка быць дырэктарам, у чым спецыфіка працы вясковага настаўніка і кола яго пазаўрочных абавязкаў… Студэнты-філолагі пераканаліся, што неабходна быць не проста настаўнікам-прадметнікам, але і аўтарытэтнай асобай для вучняў і іх бацькоў. Алена Мікалаеўна адказала на многія пытанні будучых маладых спецыялістаў.

Ад’язджаючы дадому, у Кобрынскі раён, старшакласнікі прызналіся, што наведванне філалагічнага факультэта ім вельмі спадабалася. Спадзяемся, што некаторыя з іх стануць нашымі студэнтамі.

Прафесар кафедры беларускага літаратуразнаўства
З.П. Мельнікава

Падзяліцца: