Плыўчыхі з БрДУ сталі лаўрэатамі прэміі БАСС

3 снежня 2015 г. адбылося пасяджэнне Выканаўчага камітэта Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту (БАСС) пад кіраўніцтвам старшыні Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь М.А. Жураўкова.

На рабочай сустрэчы, якая прайшла ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце, абмяркоўваліся наступныя пытанні: стан і перспектывы развіцця профільных відаў спорту, замацаваных за ўстановамі вышэйшай адукацыі; шляхі стварэння ў ВНУ клубнай сістэмы як асновы студэнцкага спорту ў Рэспубліцы Беларусь; новы фармат і асаблівасці арганізацыі і правядзення Рэспубліканскай універсіяды-2016; праект плана работы БАСС на 2016 год; назначэнне матэрыяльных заахвочванняў перспектыўным студэнтам-спартсменам Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту па выніках 2014 года.

Паводле рашэння Выканкама БАСС ад 03.12.2015 г. былі вызначаны па 5 лепшых студэнтаў-спартсменаў у намінацыях «Спорт вышэйшых дасягненняў» і «Масавы спорт». Лаўрэатам прызначана і будзе выплачана матэрыяльная дапамога Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту.

У намінацыі «Масавы спорт» перспектыўнымі студэнтамі-спартсменамі былі прызнаны дзве студэнткі БрДУ імя А.С. Пушкіна: Кузава Марыя Яўгенаўна (геаграфічны факультэт, 4 курс) – двухразовая чэмпіёнка Рэспубліканскай універсіяды па плаванні – 2014, двухразовая сярэбраная прызёрка Рэспубліканскай універсіяды па плаванні – 2014, і Гарковіч Анастасія Сяргееўна (факультэт фізічнага выхавання, 5 курс) – чатырохразовая чэмпіёнка Рэспубліканскай універсіяды па плаванні – 2014.

Спартклуб

Падзяліцца: