«F.-ART.BY» падвёў вынікі

15 снежня завяршыўся рэспубліканскі фестываль творчасці замежных студэнтаў «F.-ART.BY», арганізаваны Міністэрствам адукацыі. У рамках фестывалю клуб «Дыялог культур» сумесна з УА «БрДТУ» арганізавалі міжуніверсітэцкі форум «Туркменістан і Беларусь: МЫ разам!», прымеркаваны да 20-годдзя прыняцця Туркменістанам нейтралітэту.

Туркменскія студэнты, якія вучацца на факультэтах БрДУ імя А.С. Пушкіна, падрыхтавалі выдатную медыяпрэзентацыю аб адносінах нашых краін. У туркмена-беларускім супрацоўніцтве вельмі важныя гуманітарныя сувязі, асабліва ў галіне навукі і адукацыі. Толькі ў двух брэсцкіх універсітэтах вучыцца больш за 700 туркменскіх студэнтаў. Годным дадаткам да праграмы форуму стала прэзентацыя «Брэст – культурная сталіца Беларусі» пад аўтарствам Крокун Святланы, студэнткі філалагічнага факультэта. Сапраўдным нацыянальным каларытам былі пранізаны творчыя нумары беларускіх і туркменскіх студэнтаў. Выступоўцы выконвалі туркменскія і беларускія песні, чыталі вершы на туркменскай і беларускай мовах, дэманстравалі віртуозную ігру на народным інструменце Туркменіі – дутары. Яркай часткай форуму з’явілася выстава «Беларускія вышыванкі і туркменскія нацыянальныя вырабы». Канцэпцыю выставы склала вядучы бібліёграф універсітэцкай бібліятэкі Э.Э. Натчук. Матэрыялы для выставы сабралі Хаджаева Арзуф, студэнтка 4 курса філалагічнага факультэта, і Таганава Агульджан, студэнтка 1 курса гістарычнага факультэта. Выстава будзе доўжыцца да 30 снежня ў чытальнай зале інтэрната № 1 (вул. Леніна, 68). Форум завяршыўся дэгустацыяй страў беларускай нацыянальнай кухні, прыгатаваных студэнтамі сацыяльна-педагагічнага, фізіка-матэматычнага і філалагічнага факультэтаў.

Фіналам рэспубліканскага фестывалю стаў круглы стол у Міністэрстве адукацыі, у працы якога прыняла ўдзел кіраўнік клуба «Дыялог культур» З.С. Ляўчук. Удзельнікі круглага стала канстатавалі, што фестываль выконвае важную ідэалагічную функцыю – спрыяе міжкультурнай сацыялізацыі студэнтаў, а значыць, яшчэ большаму прыцягненню замежных студэнтаў у Беларусь.

Па выніках фестывалю наш універсітэт быў адзначаны дыпломам Міністра адукацыі М.А. Жураўкова, а таксама дыпломамі па шэрагу намінацый. Так, узнагароджаны былі: відэаальтэрната «Творчасць як дыялог свету» (кіраўнік – Л.І. Капіца, намеснік дэкана па выхаваўчай працы фізіка-матэматычнага факультэта); відэаінтэрв’ю «20 першых: пакаленне паспяховых» (У.С. Хрыстафораў і Я.В. Мароз); пераможца інтэрактыўнай акцыі «VADE MECUM», студэнт 3 курса фізіка-матэматычнага факультэта Эшметаў Цімурбек. Таксама дыпломам за папулярызацыю нацыянальнага мастацтва быў адзначаны студэнт 4 курса філалагічнага факультэта Хван Джон Хва.

І фестываль, і форум паказалі, што для моладзі не існуе межаў, а творчасць з’яўляецца аб’яднальнай і стваральнай сілай для ўсіх.

З.С. Ляўчук, кіраўнік клуба «Дыялог культур»

Падзяліцца: