Удзел студэнцкага актыву ў рэспубліканскім свяце «Баранавічы – моладзевая сталіца»

«Баранавічы – моладзевая сталіца» – пад такой назвай на базе ўстановы адукацыі «Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт» з 28 да 30 студзеня 2016 года адбылося вялікае рэспубліканскае свята. У гэтым значным мерапрыемстве актыўны ўдзел прыняла і дэлегацыя нашага ўніверсітэта.

Лідары студэнцкага самакіравання Сняжана Бадунец, Вольга Скурчык і Дар’я Сінкевіч годна прадставілі ўніверсітэт у шматлікіх мерапрыемствах студэнцкага форуму «Моладзь – надзея і будучыня Беларусі»: на дыскусійных пляцоўках («Праца студэнцкага самакіравання па павышэнні якасці адукацыі», «Развіццё моладзевай навукі: праблемы і перспектывы», «Інавацыі ў арганізацыі і правядзенні культурна-масавай і дасугавай дзейнасці»), майстар-класе («Базавыя навыкі эфектыўных камунікацый крэатыўнага моладзевага лідара»), у дыялогу адкрытага фармату «Залог поспеху краіны – поспех моладзі» (з удзелам Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь М.А. Жураўкова).

У рамках Фестывалю моладзевай вузаўскай навукі маладыя навукоўцы БрДУ імя А.С. Пушкіна – Аляксандр Рыжоў, Іна Цярковіч, Марына Янушчык, Ганна Кавалевіч, Артур Бацкалевіч, Дзяніс Цішчук – з поспехам прэзентавалі свае навукова-даследчыя праекты.

На спартыўнай пляцоўцы ў турніры па плаванні на прызы Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту наш універсітэт прадставілі студэнты факультэта фізічнага выхавання, кандыдаты ў майстры спорту Алена Лямачка і Дзмітрый Лемяшэўскі.

Для ўдзельнікаў свята працавала рэспубліканская выстава «Свет творчасці дзяцей і моладзі», быў арганізаваны ўрачысты канцэрт «Арт-экспрэс».

Дзякуючы такой насычанай праграме, студэнты-актывісты змаглі абмеркаваць моладзевыя праблемы, падзяліцца вопытам у арганізацыі работы студэнцкага самакіравання, пазнаёміцца з моладзевымі ініцыятывамі і дасягненнямі студэнцкай навукі.

Па выніках свята наш універсітэт атрымаў Падзяку Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за стварэнне ўмоў для выхавання моладзі ў духу грамадзянскасці і патрыятызму, арганізацыю і правядзенне мерапрыемстваў у рамках Года моладзі, значны ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай моладзевай палітыкі.

Краўчук Л.А.,
метадыст аддзела выхаваўчай працы з моладдзю,
Ільютчык А.І.,
спецыяліст аддзела інфармацыйна-аналітычнай і інавацыйнай дзейнасці

Падзяліцца: