Дзень святога Валянціна на фізіка-матэматычным факультэце

12 лютага 2016 года на фізіка-матэматычным факультэце прайшлі акцыі, прымеркаваныя да Дня святога Валянціна (Дня ўсіх закаханых). За некалькі дзён да свята на факультэце з’явілася маляўнічая скрынка, куды студэнты складвалі свае лісты і валянцінкі. У пятніцу кожны адрасат атрымаў сваё пасланне. У скрынцы ляжалі таксама і лісты, адрасаваныя любімым выкладчыкам факультэта.

У гэты дзень на факультэце сумесна з Брэсцкай гарадской арганізацыяй Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа была праведзена інфармацыйна-прафілактычная акцыя «Абаронім каханне». Падчас мерапрыемства студэнты-валанцёры раздавалі буклеты па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі, заклікаючы ўсіх беражліва ставіцца да сябе і адзін да аднаго. Удзельнікі акцыі прыклейвалі сэрцайкі да плаката, на якіх запісвалі прапановы аб шляхах і спосабах абароны свайго кахання.

Акрамя гэтага, валанцёры факультэта пры падтрымцы саветаў студэнцкага самакіравання васьмі факультэтаў распаўсюджвалі сувенірную прадукцыю рабят-інвалідаў унітарнага прадпрыемства «Вучэбна-рамесны цэнтр «Асаблівае жыццё» – паштоўкі-валянцінкі і сэрцайкі, тым самым дапамагаючы інвалідам і выказваючы ім сваю падтрымку. Асаблівыя словы падзякі за падтрымку фізіка-матэматычнага факультэта хочацца сказаць студэнтам сацыяльна-педагагічнага і біялагічнага факультэтаў, а таксама факультэта замежных моў. Нашы валанцёры Арзыгуль Юсупава, Гульджан Гуванджава і Мырат Джумамурдыеў у гэты дзень аказвалі дапамогу інвалідам таксама і ў сацыяльным тэрытарыяльным цэнтры.

Капіца Л.І.,
намеснік дэкана фізіка-матэматычнага факультэта па выхаваўчай працы

Падзяліцца: