XX рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Актуальныя пытанні германскай філалогіі і лінгвадыдактыкі»

26 лютага 2016 года на факультэце замежных моў БрДУ імя А.С. Пушкіна адбылася штогадовая навукова-практычная канферэнцыя «Актуальныя пытанні германскай філалогіі і лінгвадыдактыкі». Канферэнцыя праводзіцца ўжо ў 20-ы раз і стала своеасаблівай візітнай карткай факультэта. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел выкладчыкі больш за 20 вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь, Расіі, Украіны, Польшчы і Германіі.

У ходзе пленарнага пасяджэння прагучалі даклады, якія закраналі розныя аспекты моўнай адукацыі.

Кандыдат філасофскіх навук, дацэнт П.П. Крусь (БрДУ імя А.С. Пушкіна) спыніўся на філасофскіх аспектах разгляду лінгвістычнай культуры ў сістэме вузаўскай падрыхтоўкі спецыяліста. Кандыдат педагагічных навук, дацэнт С.М. Севярын (БрДУ імя А.С. Пушкіна) у сваім дакладзе закрануў такія асаблівасці сучаснага навуковага даследавання ў галіне сацыяльна-гуманітарных навук, як трансдысцыплінарнасць і гібрыднасць.

Асаблівую увагу ў аўдыторыі выклікалі выступленні нашых гасцей з Маскоўскага гарадскога педагагічнага ўніверсітэта, якія прадстаўляюць кафедру нямецкай мовы і сучасных тэхналогій навучання. Доктар педагагічных навук Д.К. Барташ раскрыла асновы і асаблівасці практыка-арыентаванага навучання ў кантэксце мадэрнізацыі вышэйшай педагагічнай адукацыі, а дацэнт педагагічных навук М.В. Харламава спынілася ў сваім выступленні на прынцыпах адбору зместу сучаснага падручніка замежнай мовы.

Сярод секцыйных пасяджэнняў можна вылучыць секцыю «Інавацыі ў навучанні замежным мовам», дзе тэмы, пададзеныя для абмеркавання супрацоўнікамі лабараторыі распазнання і сінтэзу маўлення НАН Рэспублікі Беларусь, выклікалі вялікую цікавасць у выкладчыкаў і студэнтаў спецыяльнасці «Камп’ютарная лінгвістыка».

Мы рады адзначыць актыўны ўдзел у канферэнцыі настаўнікаў сярэдніх школ Брэста і вобласці, якія ў межах секцыі, праведзенай на базе СШ № 7 г. Брэста, абмеркавалі магчымасці і праблемы выкарыстання інтэрактыўных формаў і метадаў навучання замежнай мове.

Акрамя традыцыйных секцыйных пасяджэнняў, у межах канферэнцыі была праведзена дыскусійная платформа «Лінгвакультурны код» і вебінар з калегамі з Чарнігаўскага нацыянальнага педагагічнага ўніверсітэта імя Т.Р. Шаўчэнкі. Цэнтральнымі выступленнямі на вебінары сталі даклады прафесара кафедры лінгвадыдактыкі БрДУ імя А.С. Пушкіна В.Ф. Сацінавай «Канцэптуальныя асновы навучання замежнай мове ва ўмовах інфарматызацыі моўнай адукацыі» і загадчыка кафедры педагогікі і методыкі выкладання замежных моў ЧНПУ імя Т.Р. Шаўчэнкі С.Л. Бобыр «Праблема мовы міжкультурных зносін у эпоху глабалізацыі».

Дзякуем усім удзельнікам канферэнцыі і спадзяёмся на далейшыя плённыя сустрэчы!

Нам. дэкана па навуковай працы
К.Г. Сальнікава

Падзяліцца: