Валанцёрская акцыя «Не адбірай у сябе заўтра!»

1 сакавіка 2016 года ў рамках Міжнароднага дня барацьбы з наркотыкамі ва ўніверсітэце прайшла валанцёрская акцыя «Не адбірай у сябе заўтра!». Арганізатарамі выступілі аддзел выхаваўчай працы з моладдзю, сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная служба і Савет валанцёраў універсітэта. Асаблівую актыўнасць праявілі студэнты-добраахвотнікі філалагічнага, фізіка-матэматычнага і юрыдычнага факультэтаў. Мэтай акцыі стала інфармаванне студэнцкай моладзі пра шкоду і наступствы ўжывання наркотыкаў, прапаганда здаровага ладу жыцця.

У фае вучэбнага корпуса № 1 дэманстраваліся відэафільмы і сацыяльныя ролікі прафілактычнай накіраванасці «Пад грыфам смяротна!», аформлены інфармацыйны стэнд «Выбар на карысць жыцця!»

Удзельнікам акцыі былі раздадзены інфармацыйныя лістоўкі «Адказнасць за хаванне, збыт і ўжыванне наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў», падрыхтаваныя АВП і СВУ. Валанцёры праверылі ўзровень ведаў і інфармаванасць студэнтаў універсітэта па гэтай праблеме.

Жадаючым была дадзена магчымасць выказаць на «гаваркой сцяне» сваё стаўленне да з’явы наркаманіі, наркотыкаў.

Наркаманія – адна з найстрашнейшых бед сучаснасці. Усё больш людзей ва ўсім свеце паддаюцца спакусе і трапляюць у сеткі гэтай заганы. Наркаманія прыводзіць да фізічнай, маральнай і сацыяльнай дэградацыі асобы, штурхае людзей на злачынствы. Наркаманія – зло і беды стагоддзя, супраць якіх грамадства павінна ўзвесці непераадольны бар’ер. Міжнародны дзень барацьбы з наркотыкамі – не проста дата ў календары. Ён – напамін пра тое, што барацьба за лёс чалавека яшчэ не завершана.

Педагог сацыяльны
аддзела выхаваўчай працы з моладдзю
Наталля Анатольеўна Вайтуховіч

Падзяліцца: