Брэйн-рынг «Год культуры. Код культуры»

3 сакавіка 2016 года ў межах традыцыйнага, ужо шостага Фестывалю замежных студэнтаў у Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна адбыўся брэйн-рынг на тэму «Год культуры. Код культуры», арганізаваны кафедрай агульнага і рускага мовазнаўства.

Як вынікае з назвы, конкурс знаўцаў быў прысвечаны культуры нашай краіны. У пошуках адказаў на пытанні аб культурных сэнсах слоў і артэфактаў, аб нацыянальных сімвалах, аб цікавых мясцінах і славутых людзях Беларусі спаборнічалі студэнты-першакурснікі з каманд «Дружба» (філалагічны факультэт), «Энергія» (факультэт замежных моў) і «Green World» (зборная каманда біялагічнага, фізіка-матэматычнага і юрыдычнага факультэтаў). Студэнты не толькі праявілі сваю культуралагічную эрудыцыю, але і ўзбагаціліся новымі ведамі пра краіну, у якой атрымліваюць адукацыю, пра жыццё і побыт папярэдніх пакаленняў беларусаў, славутасці нашай краіны і горада, пра разнастайнасць сэнсаў, звязаных са словам «культура».

Барацьба ішла з пераменным поспехам, але ў выніку наймацнейшай аказалася каманда філалагічнага факультэта, якую годна прадставілі Амірава Альфія, Ахметаў Азіз, Баймурадава Айсона, Баратава Сона, Гузыева Арзыгуль, Рахманіязаў Бегенч.

Каралевіч С.А.,
дацэнт кафедры агульнага і рускага мовазнаўства

Падзяліцца: