-
Універсітэт
224016, Рэспубліка Беларусь, г. Брэст, бульвар Касманаўтаў, 21
+375 162 37-00-96 (тэлефон)
+375 162 21-65-17 (тэлефон)
+375 162 21-70-53 (факс)
box@brsu.by -
Факультэты
-
Адукацыя
224016, г. Брэст, бульвар Касманаўтаў, 21, кабінет № 217/1
+ 375 162 37-01-27
marzans@brsu.by -
Навука
224016, г. Брэст, бульвар Касманаўтаў, 21, кабинет № 207
+375 162 21-66-86
nis@brsu.by
inovac@brsu.by - Абітурыенту
- Студэнту
- Замежным грамадзянам
-
Міжнародная дзейнасць
224016, г. Брэст, бульвар Касманаўтаў 21, вучэбны корпус № 1, кабінет № 117
+375 162 21-06-68 (тэлефон)
+375 29 21-06-115 (мабільны тэлефон)
int@brsu.by -
Паслугi
Прыйсці. Убачыць... Паступіць!
26 сакавіка 2016 года ў штогадовым Дні адчыненых дзвярэй прынялі ўдзел больш за 400 абітурыентаў. Наведаць гэтае мерапрыемства прыехалі навучэнцы не толькі з Брэста і Брэсцкай вобласці, але і з іншых рэгіёнаў нашай краіны.
У фае 3-га паверха галоўнага корпуса ўніверсітэта шматлюдна. Тут сабраліся юныя абітурыенты і ўсхваляваныя за будучыню сваіх дзяцей бацькі, якіх гасцінна сустракаюць сур’ёзныя, але ветлівыя студэнты, а таксама выкладчыкі і дэканы ўсіх факультэтаў.
Да стэндаў, што дэманструюць факультэты, няпроста прайсці: жадаючых задаць пытанне і атрымаць вычарпальны адказ – мноства. Але прадстаўнікі факультэтаў паспяваюць пачуць усіх і ўсім адказаць. Каля кожнага стэнда – прэзентацыя факультэта і візітоўкі спецыяльнасцей.
На гэтым «Кірмашы спецыяльнасцей» паміж факультэтамі ідзе негалоснае спаборніцтва: дзе больш абітурыентаў?!
Кожны факультэт падрыхтаваўся да мерапрыемства па-асабліваму. Прадстаўнікі гістарычнага факультэта сустракаюць гасцей у нацыянальных касцюмах.
Студэнты філалагічнага факультэта расказваюць пра перавагі сучаснай філалагічнай адукацыі і частуюць усіх цукеркамі і грэцкімі арэхамі.
Факультэт фізічнага выхавання прапаноўвае ўвазе гасцей кубкі – вынікі спартыўных перамог.
Прывыкшы да новага становішча, абітурыенты гатовы падзяліцца з намі ўражаннямі і планамі:
– Мы вучымся ў школе № 25 горада Брэста, – расказваюць Яна і Аліна, збянтэжана хаваючыся ад фотакамеры. – Вырашылі наведаць мерапрыемства, каб пазнаёміцца з універсітэтам. І нам падабаецца! Палова нашага класа збіраецца паступаць у БрДУ імя А.С. Пушкіна!
– Мы прыехалі на Дзень адчыненых дзвярэй ва ўніверсітэт з Гродзенскай вобласці. Зараз вучымся ў Ваўкавыску і плануем паступаць у БрДУ імя А.С. Пушкіна на факультэт замежных моў, – расказваюць Кацярына і Яўгенія.
А Юлію, яшчэ адну ўраджэнку Гродзеншчыны, цікавіць спецыяльнасць «Журналістыка»:
̶ Я рада, што ў вашым універсітэце ёсць такая спецыяльнасць! Хачу менавіта сюды, бо мне здаецца, што гэта вельмі цікавая прафесія.
Тры сяброўкі нешта ўзбуджана абмяркоўваюць – верагодна, перспектывы паступлення. Дзяўчаты гатовыя і з намі падзяліцца сваімі планамі:
– Я, Галіна, і мая сяброўка Ірына плануем паступаць на псіхолага-педагагічны факультэт, а Аня – на фізіка-матэматычны. Мы ўсе вучымся ў адным класе. Жывём побач з Брэстам, у Мухаўцы, таму і выбралі наш універсітэт.
Зацікаўлена вывучае стэнд філфака яшчэ адна будучая журналістка. Імя дзяўчына не назвала, затое расказала, чаму выбрала менавіта гэтую спецыяльнасць:
– Я ўжо даўно цікаўлюся журналістыкай. Скончыла «Школу юнага журналіста». Збіраюся звязаць жыццё з гэтай прафесіяй.
Многія абітурыенты прыехалі з бацькамі: выбар спецыяльнасці і ўніверсітэта – сур’ёзная справа, і без дапамогі дарослых тут не абысціся.
Іна Мікалаеўна, якая прыехала са сваёй дачкой з Бярозы, тлумачыць:
– Мы тут, каб паглядзець універсітэт і падрабязней даведацца пра біялагічны факультэт. Мне, як і любой маці, важна ведаць, што дачка будзе знаходзіцца ў спрыяльных умовах, а вучоба зацікавіць яе і дазволіць стаць добрым спецыялістам.
Брастаўчане Ларыса Анатольеўна і Максім прыйшлі ацаніць усе прапановы ўніверсітэта. Ларыса Анатольеўна ўпэўнена, што выбар будучай прафесіі сын павінен зрабіць самастойна і свядома:
– Галоўнае, каб ён сам выбраў спецыяльнасць па душы і вучыўся з задавальненнем. Нельга навязваць сваё меркаванне, хай сам вырашае, што яму цікава. Пакуль выбіраем паміж спецыяльнасцю «Турызм і гасціннасць» і накірункам, звязаным з праграмаваннем.
Пінчанін Уладзіслаў прыехаў з бацькам. Пакуль сын абдумваў адказы на нашы пытанні, гаваркі бацька паспеў расказаць нават пра сакрэты свайго імя, а таксама падзяліўся планамі сына, звязанымі з паступленнем у ВНУ:
– Нам цікава даведацца, што ўяўляе сабой спецыяльнасць «Руская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)». Мы арыентаваны менавіта на замежныя мовы, так што вывучаем спецыяльнасці факультэта замежных моў і філалагічнага факультэта.
Абітурыентаў было так шмат, што для сустрэчы з кіраўніцтвам універсітэта задзейнічаліся 2 паточныя аўдыторыі – 317 і 717.
Усіх гасцей вітала рэктар Ганна Мікалаеўна Сендзер, якая расказала пра гісторыю ўніверсітэта, яго традыцыі і пазнаёміла з дэканамі факультэтаў. Ганна Мікалаеўна цёпла падзякавала гасцям за ўвагу і цікавасць да Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна і выказала надзею ўбачыць ўсіх прысутных абітурыентаў у ліку студэнтаў нашай ВНУ.
Будучы выпускніцай фізіка-матэматычнага факультэта, Ганна Мікалаеўна зрабіла абітурыентам прапанову, ад якога складана было адмовіцца:
– Хто хоча ў будучыні стаць рэктарам? Ёсць такія! Значыць, трэба паступаць на фізіка-матэматычны факультэт!
Алена Аляксееўна Бурык, сакратар прыёмнай камісіі, расказала пра новыя спецыяльнасці і змены ў ходзе прыёмнай кампаніі 2016 года.
Госці задавалі пытанні пра магчымасці паступлення без уступных экзаменаў, пра тэрміны падачы дакументаў і іншыя важныя нюансы маючай адбыцца кампаніі.
Студэнцкі клуб універсітэта падрыхтаваў цудоўную канцэртную праграму, якую аўдыторыя прыняла з захапленнем. Запальныя і ўсім вядомыя песні ў выкананні Мікалая Вабішчэвіча, Анастасіі Малюк, Джахан Ціркішовай і іншых студэнтаў разрадзілі сур’ёзную абстаноўку ў зале. Госці весела пляскалі ў далоні, а некаторыя нават падпявалі.
Дзень адчыненых дзвярэй працягваўся на выбраных абітурыентамі факультэтах, дзе будучыя студэнты мелі магчымасць бліжэй пазнаёміцца з кіраўніцтвам, выкладчыкамі і студэнтамі, даведацца яшчэ больш пра спецыяльнасці, наведаць аўдыторыі, лабараторыі, атрымаць звесткі пра асаблівасці адукацыйнага працэсу і студэнцкага жыцця.
Алена Кірыеўская, Яніна Вашкевіч