Урачыстае адкрыццё фестывалю «Студэнцкая вясна – 2016»

28 сакавіка пад запальныя рытмы флэш-мобу «Універсітэт, які танцуе» на пляцоўцы перад вучэбным корпусам № 1 стартаваў фестываль творчасці «Студэнцкая вясна – 2016». Удзельнікамі флэш-мобу сталі прадстаўнікі ўсіх факультэтаў нашага ўніверсітэта. З прывітальным словам да ўсіх прысутных звярнулася рэктар Г.М. Сендзер. Яна павіншавала студэнтаў з пачаткам гэтага моладзевага творчага свята, а таксама пажадала ім не забываць аб маючай адбыцца сесіі. Рабяты здзівілі ўсіх дакладнасцю і зладжанасцю рухаў і зарадзілі прысутных выдатным настроем. Музычны падарунак падрыхтавалі студэнты філалагічнага факультэта Уладзіслаў Бондар і Марыя Крачко, якія выканалі песню «Хто, калі не мы?»

Адкрыццё фестывалю працягвала выстава-кірмаш «Зроблена з густам» у фае 1 паверха навучальнага корпуса № 1. Тут можна было прадэгуставаць піцы і каву, прыгатаваныя гандлёвым цэнтрам універсітэта. Свае пачастункі падрыхтавалі і студэнты біялагічнага, гістарычнага, геаграфічнага і фізіка-матэматычнага факультэтаў, а таксама факультэтаў фізічнага выхавання і замежных моў. Усім нераўнадушным было прапанавана прыняць удзел у дабрачыннай акцыі па зборы сродкаў на лячэнне чатырохгадовага хлопчыка «Выратуем жыццё Кірылу!». Прадстаўнікі камітэта п/а ГА «БРСМ» праінфармавалі рабят (студэнтаў універсітэта) аб «Штабе працоўных спраў», які займаецца працаўладкаваннем моладзі падчас трэцяга працоўнага семестра. Падагульніла адкрыццё фестывалю песня «Каралева прыгажосці» ў выкананні студэнта юрыдычнага факультэта Аляксандра Журовіча.

Фестываль студэнцкай творчасці будзе доўжыцца ў нашым універсітэце два тыдні і завершыцца 12 красавіка ў ЦМТ аглядам-конкурсам мастацкіх калектываў і індывідуальных выканаўцаў устаноў вышэйшай адукацыі «АРТ-вакацыі – 2016».

Студэнцкі клуб

Падзяліцца: