Квест-гульня «І памятае Брэст, вайною апалены»

5 красавіка ў рамках фестывалю студэнцкай творчасці «Студэнцкая вясна – 2016» адбылася тэматычная квест-гульня «І памятае Брэст, вайною апалены», прысвечаная 75-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Гульня была арганізавана спартыўным клубам і аддзелам выхаваўчай працы з моладдзю.

Удзельнікамі квеста сталі лідары і актывісты ўніверсітэта: старшыні факультэцкіх саветаў студэнцкага самакіравання, прадстаўнікі прафкама студэнтаў, Моладзевага атрада аховы правапарадку, п/а ГА «БРСМ».

Мерапрыемства праводзілася з мэтай далучыць студэнцкую моладзь да вывучэння і шанавання гісторыі горада і яго памятных месцаў – нямых сведкаў вайны. Для студэнтаў гульня стала выдатным шанцам праявіць навыкі арыентавання на мясцовасці і працы ў камандзе.

Старт гульні быў дадзены каля кветкавага партэра абеліска, што размешчаны ля ўваходу ў Парк культуры і адпачынку імя 1 Мая і прысвечаны савецкім байцам, якія абаранялі горад і Брэсцкую крэпасць ад гітлераўскіх захопнікаў. З прывітальным словам і пажаданнямі поспеху да студэнтаў звярнуліся прарэктар па выхаваўчай і сацыяльнай працы Таццяна Васільеўна Сакалова і начальнік аддзела выхаваўчай працы з моладдзю Таццяна Мікалаеўна Кошык.

Рабяты, падзяліўшыся на каманды, адправіліся па маршрутах. Дзве каманды засталіся даследаваць славутасці цэнтра горада, дзве іншыя накіраваліся ў мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой». Там ім трэба было пабываць у месцах, што беражліва захоўваюць памяць аб далёкіх днях пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

У кожнай групе лідараў быў бачны камандны дух і імкненне да дасягнення агульнай мэты – узяць усе кантрольныя пункты і прыйсці на фініш. Пераможцаў у квесце не было, таму што толькі збор усіх каманд даў магчымасць завяршыць фотакампазіцыю словамі з назвы самой гульні «І памятае Брэст, вайною апалены».

Усе ўдзельнікі квест-гульні выдатна справіліся з пастаўленымі задачамі і паказалі добрыя вынікі. Кожнаму студэнту-актывісту былі ўручаны сертыфікаты ўдзельніка, а ад аддзела выхаваўчай працы з моладдзю ўсім камандам дасталіся салодкія падарункі.

Аксана Палячук,
старшыня Савета студэнцкага самакіравання
псіхолага-педагагічнага факультэта

Падзяліцца: