Міжвузаўская студэнцкая навукова-практычная канферэнцыя «Моладзь і рэлігія ў сучасным свеце – VII»

19 красавіка 2016 г. у БрДУ імя А.С. Пушкіна адбылася Міжвузаўская студэнцкая навукова-практычная канферэнцыя «Моладзь і рэлігія ў сучасным свеце – VII». У працы канферэнцыі прынялі ўдзел больш за сто выкладчыкаў, магістрантаў, студэнтаў і навучэнцаў з некалькіх устаноў адукацыі. Арганізатарамі канферэнцыі выступіла кафедра крымінальна-прававых дысцыплін, а таксама Дыскусійны клуб грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці БрДУ імя А.С. Пушкіна пад кіраўніцтвам В.М. Іванчынай і Э.М. Северына.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнулася старшыня аргкамітэта, загадчык кафедры крымінальна-прававых дысцыплін, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт Іванчына Вольга Мікалаеўна. У яе выступленні было адзначана, што ў рамках вучэбных дысцыплін для юрыстаў і эканамістаў не прадугледжана вывучэнне ўзаемадзеяння рэлігіі і права, рэлігіі і эканомікі. Таму галоўнай мэтай канферэнцыі з’яўляецца павышэнне адукацыйнага ўзроўню студэнтаў у межах зададзенай праблематыкі.

Традыцыйна ў арганізацыі і працы канферэнцыі бяруць удзел прадстаўнікі Аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцей Брэсцкага аблвыканкама. У гэтым годзе перад удзельнікамі канферэнцыі выступіў галоўны спецыяліст аддзела Баўкуновіч Дзмітрый Аляксандравіч, які расказаў пра сучасную канфесійную сітуацыю на Брэстчыне. Слухачы мелі магчымасць атрымаць кансультацыю аб рэлігійна-канфесійных адносінах не толькі ў г. Брэсце, але і ў цэлым па краіне.

Дацэнт кафедры паліталогіі і сацыялогіі БрДУ імя А.С. Пушкіна, кандыдат філасофскіх навук Лагуноўская Алена Анатольеўна выступіла на тэму: «Свабода сумлення і веравызнання ва ўмовах выклікаў сучаснасці». У сваім выступленні А.А. Лагуноўская адзначыла, што ў Рэспубліцы Беларусь створана спрыяльнае асяроддзе для дзейнасці традыцыйных культураўтваральных канфесій.

На пленарным пасяджэнні выступіла магістр багаслоўя Цігка Сусанна Уладзіміраўна. Тэма яе выступлення «Эладская Царква і дзяржава ў перыяд эканамічнага крызісу» выклікала вялікую цікавасць як у студэнтаў, так і ў выкладчыкаў.

У рамках канферэнцыі працавалі тры секцыі: «Рэлігія і права», «Рэлігія і эканоміка», «Сацыяльна-палітычныя аспекты рэлігіі і атэізму ў сучасным грамадстве». На секцыях адбыліся цікавыя дыскусіі, падчас якіх студэнты атрымалі актуальную інфармацыю аб сацыяльным значэнні розных рэлігійных канфесій у розных краінах свету.

Пры падвядзенні вынікаў былі адзначаны лепшыя даклады на канферэнцыі, аўтарам якіх былі ўручаны дыпломы.

Дзякуем ўсім гасцям канферэнцыі за актыўны ўдзел
і жадаем творчых поспехаў у далейшай навуковай дзейнасці!

Аргкамітэт

Падзяліцца: