Адкрыццё абноўленай экспазіцыі музея гісторыі фізічнай культуры і спорту БрДУ

20 красавіка 2016 года ў фае другога паверха спартыўнага комплексу Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна адбылося ўрачыстае адкрыццё абноўленай экспазіцыі музея гісторыі фізічнай культуры і спорту БрДУ.

Урачыстае мерапрыемства пачалося з песні «Мы чэмпіёны» ў выкананні студэнта 4-га курса факультэта фізічнага выхавання Аляксандра Караля.

З прывітальным словам да прысутных звярнулася рэктар універсітэта Ганна Мікалаеўна Сендзер, якая адзначыла, што адкрыццё музея – важная падзея не толькі для нашага ўніверсітэта, але і для горада, і для ўсяго брэсцкага рэгіёна. У сценах БрДУ імя А.С. Пушкіна вучацца і вучыліся многія зорачкі айчыннага спорту, удзельнікі моладзевых і нацыянальных каманд нашай краіны. Шмат у чым іх дасягненні адбыліся дзякуючы падтрымцы іх настаўнікаў і кіраўніцтва ўніверсітэта.

Адкрыццё абноўленай экспазіцыі музея правялі рэктар нашага ўніверсітэта Ганна Мікалаеўна Сендзер, першы намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама, начальнік аддзела спорту і падрыхтоўкі рэзерву Віктар Мікалаевіч Селівонік, майстар спорту міжнароднага класа па спартыўнай акрабатыцы, двухразовая чэмпіёнка Еўропы, прызёр Чэмпіянату свету, выпускніца 2015 года, магістрантка факультэта фізічнага выхавання Дар’я Несцярук.

Упершыню музей адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў у 1991 годзе. Сёння перад вачыма гасцей паўстаў экран спартыўных дасягненняў студэнтаў і выпускнікоў нашай Alma mater. Абноўленая музейная экспазіцыя, безумоўна, стала ўпрыгожваннем спартыўнага комплексу і гонарам універсітэта.

Першую экскурсію для кіраўніцтва ўніверсітэта і дэканаў факультэтаў у абноўленым музеі правёў дырэктар спартыўнага комплексу Галенка А.С.

Галавач М.В.,
дэкан факультэта фізічнага выхавання

Падзяліцца: