«Куратар года – 2016»

19 мая 2016 года адбыўся фінальны этап універсітэцкага конкурсу «Куратар года – 2016». Прадстаўнікі факультэтаў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна зладзілі на сцэне актавай залы захапляльнае спаборніцтва ў прафесійным майстэрстве.

Конкурс праходзіў у два этапы. Для ўдзелу ў «Куратары года» неабходна было падаць справаздачу з указаннем паказчыкаў выніковасці працы куратара. З 12 лютага па 25 сакавіка канкурсанты павінны былі правесці выхаваўчае мерапрыемства і падрыхтаваць аформленую метадычную распрацоўку гэтага праекта на адну з 10 прапанаваных тэм, выбраную шляхам жараб’ёўкі.

Да фінальных заданняў канкурсанты падышлі эмацыйна і творча. На самапрэзентацыі «Герой нашага часу» яны выяўлялі сябе ў абраных, згодна з умовамі, вобразах. Глыбокімі і ў той жа час па-вясноваму лірычнымі былі выступленні куратараў на этапе рыторыкі ў рэжыме хуткага рэагавання «Веснавое асарці». Выніковым стала дамашняе заданне «Самы лепшы дзень» са студэнтамі іх вучэбнай групы.

Па выніках усіх конкурсных этапаў 1 месца падзялілі куратары сацыяльна-педагагічнага факультэта Чычурына Раіса Іванаўна і біялагічнага факультэта Таўкач Галіна Уладзіміраўна. Астатнія фіналісты сталі пераможцамі ў наступных намінацыях:

  •  «Паспяховы старт» – Афоніна Вольга Валер’еўна (факультэт замежных моў);
  •  «За глыбіню меркаванняў» – Кавалюк Алена Сцяпанаўна (філалагічны факультэт);
  •  «Настаўнік і сябар» – Майсюк Анжэла Міхайлаўна (фізіка-матэматычны факультэт);
  •  «Шматгранная асоба» – Герасімук Цімафей Віктаравіч (юрыдычны факультэт);
  •  «Крэатыўны куратар» – Палагін Андрэй Андрэевіч (факультэт фізічнага выхавання);
  •  «Куратар-прафесіянал» – Шэлест Таццяна Анатольеўна (геаграфічны факультэт).

Віншуем усіх удзельнікаў!

Таксама выказваем падзяку тым, хто прыняў непасрэдны ўдзел у арганізацыі і правядзенні конкурсу: гэта групы падтрымкі і кіраўніцтва факультэтаў, спецыялісты аддзела выхаваўчай працы з моладдзю, прафсаюзны камітэт работнікаў і студэнцкі клуб.

Аддзел выхаваўчай працы з моладдзю

Падзяліцца: