«Здаровае пакаленне»

18 лістапада ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна ў рамках рэспубліканскага праекта «Мой стыль жыцця сёння – маё здароўе і поспех заўтра» адбылося адкрыццё сацыяльнага праекта «Здаровае пакаленне», адрасаванага беларускай моладзі і асабліва актуальнага для студэнтаў першага курса. Арганізатарамі і каардынатарамі праекта з’яўляюцца БрДУ імя А.С. Пушкіна і Брэсцкі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

Права ўрачыстага адкрыцця сацыяльнага праекта было дадзена прарэктару па выхаваўчай працы Таццяне Васільеўне Сакаловай і загадчыку аддзела грамадскага здароўя Брэсцкага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Галіне Сцяпанаўне Стасевіч. Выступоўцы адзначылі значнасць прасвятлення навучэнцаў па пытаннях захавання і ўмацавання здароўя, адказных адносін да ўласнага здароўя і здароўя навакольных, а таксама здароўезберагальных паводзін.

Усім прысутным студэнтам было прапанавана паўдзельнічаць у працы інфармацыйнай палаткі «Што ты ведаеш пра здаровы лад жыцця?». Навучэнцы, якія правільна адказалі на пытанні, былі ўзнагароджаны каштоўнымі прызамі. У рамках мерапрыемства была арганізавана кансультатыўная дапамога спецыяліста ў галіне здаровага ладу жыцця. Самыя актыўныя ўдзельнікі былі запрошаны да ўдзелу ва ўніверсітэцкай антытытунёвай акцыі да Сусветнага дня некурэння «Курыць не модна – дыхай свабодна».

Таксама студэнты геаграфічнага факультэта 1-га курса віталі навучэнцаў танцавальным флэш-мобам, а студэнткі 2-га курса юрыдычнага факультэта Ганна Гаўрылюк і Наталля Крыловіч выканалі песню «Усміхайся».

Давайце разам будзем годна несці званне
«ЗДАРОВАЕ ПАКАЛЕННЕ!»

Сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная служба

Падзяліцца: