Рэспубліканскі фестываль студэнцкай творчасці «Студэнцкая восень»

З 15 па 17 лістапада 2016 года на базе трох сталічных ВНУ (Міжнародны ўніверсітэт «МІПСА», Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт і Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка) прайшоў Рэспубліканскі фестываль студэнцкай творчасці «Студэнцкая восень», які сабраў прадстаўнікоў амаль усіх устаноў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь. Форум быў арганізаваны ў адпаведнасці з Каляндарным планам асноўных мерапрыемстваў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі на 2016 год і пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Наш універсітэт на форуме прадставілі студэнцкія калектывы «Рух» (М. Вабішчэвіч, Ф. Мартыновіч, Д. Машчук) і «ППФ» (М. Палаўнёў, К. Кулічык, В. Кальцоў).

Першы дзень сумеснага праекта ФПБ і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь быў багаты на розныя мерапрыемствы. Так, у штаб-кватэры галоўнага прафцэнтра прайшоў студэнцкі саміт «Вектар росту» з удзелам Старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі М.С. Орды і Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь М.А. Жураўкова. Падчас правядзення мерапрыемства старшынёй Моладзевага Савета ФПБ А.С. Ігнаценкам была абвешчана Пастанова Прэзідыума Савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі «Аб прызначэнні стыпендый Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі навучэнцам з ліку прафсаюзных актывістаў на 2016/2017 навучальны год» ад 27.10.2016 № 391.

Увечары таго ж дня на базе Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта адчыніла свае дзверы выстава «Прафарыентацыйная, іміджавая прадукцыя і СМІ». У рамках выставы прафсаюзныя актывісты ўніверсітэтаў знаёмілі выпускнікоў мінскіх школ са спецыяльнасцямі ВНУ і працай першасных прафсаюзных арганізацый. Дзень завяршыўся урачыстым адкрыццём фестывалю з удзелам фіналістаў Рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу творчасці працоўных калектываў «Новыя імёны Беларусі-2016» і зорак беларускай эстрады.

На другі дзень фестывалю на базе ўніверсітэтаў прайшлі конкурсныя выпрабаванні ў намінацыях «Вакал», «Інструментальны жанр», «Харэаграфія» (выступілі Я. Прыбытка і Ц. Стаін) і «Арыгінальны жанр» (Д. Віркоўскі), а таксама майстар-класы , навучальныя семінары і трэнінгі для старшыняў прафсаюзных камітэтаў студэнтаў. На завяршэнне дня для навучэнцаў была арганізавана танцавальна-забаўляльная праграма.

17 лістапада на Мемарыяльным комплексе «Курган Славы» прайшла Рэспубліканская прафсаюзная акцыя «Памятаем і ганарымся» з ускладаннем кветак і хвілінай маўчання. У рамках спецыяльнага праекта «Бюро падарожжаў» дэлегацыі брэсцкіх ВНУ наведалі кандытарскую фабрыку «Камунарка», на якой з выступленняў генеральнага дырэктара І.І. Данчанкі даведаліся аб рабоце прафсаюзнага камітэта, моладзевай працы, а таксама пазнаёміліся з вытворчымі магутнасцямі прадпрыемства.

Завяршыўся рэспубліканскі фестываль гала-канцэртам і цырымоніяй узнагароджання. Усе актыўныя ўдзельнікі праекта атрымалі сертыфікаты, памятныя кубкі і каштоўныя падарункі.

Прафсаюзны камітэт студэнтаў

Падзяліцца: