Пад сцягам дабрыні: ва ўніверсітэце адбыўся фестываль валанцёрскіх атрадаў

5 снежня ў БрДУ імя А.С. Пушкіна адбыўся фестываль валанцёрскіх атрадаў «Валанцёрства на карысць грамадства». Свята добраахвотніцтва было напоўнена творчасцю, цёплымі словамі і ўзнагародамі.

Старт фестывалю дала рэктар універсітэта Г.М. Сендзер, якая адзначыла важнасць валанцёрскага руху ў сучасным свеце. Таксама яна падзякавала валанцёрскім атрадам за іх добрыя справы.

Цікава, што менавіта БрДУ імя А.С. Пушкіна паклаў пачатак добраахвотніцкаму руху ў вышэйшых навучальных установах краіны. Сёння ў БрДУ налічваецца 19 валанцёрскіх атрадаў, у якія ўваходзяць больш за 800 чалавек. Камандзіры атрадаў падчас прэзентацыі сваёй дзейнасці зрабілі невялікі экскурс у гісторыю ўніверсітэцкай дабравольніцкай працы, расказаўшы прысутным пра сутнасць валанцёрскага руху. «Добрае сэрца», «Працягні руку», «Добрыя сэрцы», «Чароўнае дзяцінства» – гэтыя і іншыя аб’яднанні валанцёраў універсітэта актыўна і годна супрацоўнічаюць з рознымі ўніверсітэцкімі і гарадскімі арганізацыямі, дапамагаючы сацыяльна неабароненым пластам насельніцтва, праводзячы дабрачынныя акцыі, збіраючы сродкі для людзей, якія ў іх маюць патрэбу, удзельнічаючы ў прыродаахоўных мерапрыемствах і г. д. Напрыклад, у Сусветны дзень валанцёрства яны арганізавалі продаж прысмакаў з пералікам сабраных сродкаў Дзіцячаму сацыяльнаму прытулку г. Брэста.

На мерапрыемстве выступілі і партнёры валанцёрскага руху. Старшыня Брэсцкай арганізацыі «Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа» Н.У. Саванеўская ўзнагародзіла граматай за плённае супрацоўніцтва прарэктара па выхаваўчай працы БрДУ імя А.С. Пушкіна Т.В. Сакалову, якая з’яўляецца аўтарам праекта «Школа першай дапамогі». Узнагароды ад універсітэта і партнёраў руху таксама былі ўручаны атрадам і асобным студэнтам-валанцёрам.

Колькі будуць жыць у нашых сэрцах дабрыня, шчырасць і бескарыслівасць, столькі будзе працягвацца гісторыя валанцёрскага руху ў нашым універсітэце.

Юлія Воўк, рэдактар студэнцкага клуба

Падзяліцца: