Тыдзень філалагічнага факультэта

Тыдзень філалагічнага факультэта, прымеркаваны да 125-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча, прайшоў з 5 па 10 снежня.

9 снежня 2016 года споўнілася 125 гадоў з дня нараджэння Максіма Багдановіча – беларускага паэта, празаіка, публіцыста, літаратурнага крытыка. Ва ўсім, да чаго б ні звяртаўся паэт, ён імкнуўся знайсці свой уласны шлях, сваю дарогу, адкрыць сваё творчае “я”, вызначыць сваю меру прыгожага. Да гэтай жа мэты кожны дзень імкнуцца і студэнты філалагічнага факультэта.

У рамках Тыдня факультэта адбыўся конкурс чытальнікаў вершаў Максіма Багдановіча «Маладыя гады, маладыя жаданні...», што стала сімвалічным падарункам да юбілею легендарнага паэта. Важна, што конкурс аб’яднаў выкладчыкаў, супрацоўнікаў, студэнтаў, тых, хто пажадаў прачытаць любімыя вершы класіка сусветнай літаратуры. А прэзентацыя ўласнай творчасці студэнтаў паказала, што паэтычнай будучыні быць у Беларусі!

Тыдзень факультэта – гэта сапраўдны парад талентаў і дасягненняў студэнтаў і выкладчыкаў. «Лепшым студэнтам філфака 2016 года» стала студэнтка ІV курса спецыяльнасці «Беларуская філалогія» Ганна Пачуйка. А званне «Лепшы выкладчык факультэта 2016 года», на думку студэнтаў, заслужылі тры выкладчыкі – кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры агульнага і рускага мовазнаўства С.А. Каралевіч, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства і дыялекталогіі С.Ф. Бут-Гусаім і кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры тэорыі і гісторыі рускай літаратуры В.М. Кавальчук. Лепшым кулінарам факультэта па выніках конкурсу «Філфакаўскія прысмакі» быў прызнаны Андрэй Несцярук.

Завяршыўся тыдзень святочным канцэртам «Мы родам з філфака», які ўрачыста адкрыла дэкан філалагічнага факультэта Т.В. Сянькевіч. У выкананні студэнтаў гучалі вершы ўласнага сачынення, песні; звонкім смехам і гучнымі апладысментамі гледачы суправаджалі выступленне каманды КВЗ факультэта...

Спрактыкаваную філалагічную публіку пастаянна даводзіцца чымсьці здзіўляць. З гэтай нялёгкай задачай бліскуча справілася тэатральная студыя «Эпізод "У нескладовік"» пад кіраўніцтвам С.М. Шчэрбы, якая паказала гледачам прэм’еру сваёй пастаноўкі «Рагнеда».

Кожны, хто вучыцца, працуе на філалагічным факультэце, у чарговы раз пераканаўся, што з года ў год філфак становіцца ўсё больш крэатыўным і адкрытым трэндам сучаснай культурнай прасторы.

Крысціна Пратасавіцкая,
студэнтка ІІІ курса спецыяльнасці «Журналістыка (друкаваныя СМІ)»

Падзяліцца: