Тыдзень роднай мовы на філалагічным факультэце

Мова родная, мова дзядоў!
Іншай мовы мы сэрцам не чуем.
Мілагучнасцю любых нам слоў,
Быццам музыкай, душы чаруе.

(Л. Геніюш)

21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Дзень родных моў. Свята не тое што надта грандыёзнае, але вельмі светлае і пяшчотнае. Таму прыемна, што сёлета на філалагічным факультэце БрДУ імя А.С. Пушкіна прайшоў Тыдзень роднай мовы.

Неабыякавыя да стану роднай мовы, заклапочаныя яе лёсам, студэнты-філолагі пад клапатлівым і прафесійным кіраўніцтвам выкладчыкаў кафедры беларускага мовазнаўства і дыялекталогіі (загадчык кафедры – Л.В. Леванцэвіч) у межах тыдня правялі шэраг мерапрыемстваў, сярод якіх – конкурс на лепшае студэнцкае даследаванне па гісторыі слова на нефілалагічных факультэтах, конкурс знаўцаў беларускай мовы «Грані слова», завочная алімпіяда па беларускай мове сярод навучэнцаў 9–11 класаў г. Брэста і вобласці, дыктоўка «Пішам разам па-беларуску», ярмарка народнай мудрасці, творчая сустрэча з вядомым паэтам, радыё- і тэлежурналістам, лаўрэатам літаратурнай прэміі імя У. Калесніка, лаўрэатам Рэспубліканскай прэміі «Тэлевяршыня», сябрам ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» М.М. Пракаповічам, дэманстрацыя мадэляў і прэзентацыя «Беларускія строі ўчора і сёння», інфармацыйны калейдаскоп «Роднае слова вуснамі паэтаў», свята роднай мовы «Ты будзеш звінець, наша родная мова!»

За гэтыя дні прагучала шмат цёплых слоў пра родную мову. Філфакаўцы мелі магчымасць атрымаць асалоду ад вершаў беларускіх паэтаў і цудоўных песень, удумацца ў філасофскі сэнс, надзённасць і вечную мудрасць народных выслоўяў-пажаданняў, праверыць свае веды па роднай мове. І ўсё гэта было арганізавана дзеля таго, каб чарговы раз адчуць прыгажосць, моц і невычарпальнае багацце роднай мовы.

Кафедра беларускага мовазнаўства і дыялекталогіі

Падзяліцца: