У БрДУ адбыўся гарадскі семінар, прымеркаваны да Дня барацьбы з наркотыкамі

У рамках сацыяльнага праекта «Здаровае пакаленне» 1 сакавіка ва ўніверсітэце адбыўся гарадскі семінар «Прафілактыка ўжывання псіхаактыўных рэчываў». Семінар прайшоў у фармаце круглага стала, арганізаванага БрДУ імя А.С. Пушкіна і Брэсцкім абласным цэнтрам гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Паводле слоў арганізатараў, мэта мерапрыемства заключаецца ў фарміраванні адказных адносін да здароўя і нецярпімых адносін да ўжывання псіхаактыўных рэчываў у моладзевым асяроддзі.

Адкрыла сустрэчу начальнік аддзела выхаваўчай працы БрДУ Таццяна Кошык. Яна адзначыла, што будучыя педагогі павінны валодаць базавымі ведамі аб прафілактыцы ўжывання наркатычных сродкаў і барацьбе з імі. Перад студэнтамі выступіў галоўны ўрач Брэсцкага абласнога наркалагічнага дыспансера Аляксандр Більдзейка, які расказаў аб праблемах нарказалежнасці ў Брэсцкай вобласці. Старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі УУС Брэсцкага аблвыканкама Андрэй Галавач зрабіў акцэнт на тым, як органы ўнутраных спраў спыняюць абарот наркотыкаў. Намеснік начальніка аддзела па барацьбе з кантрабандай і адміністрацыйнымі мытнымі правапарушэннямі Брэсцкай мытні Алег Пахомаў прадэманстраваў прэзентацыю пра спосабы перавозкі наркатычных сродкаў праз мяжу. На семінары выступіла і студэнтка 3 курса юрыдычнага факультэта Кацярына Грыгаровіч, якая расказала пра вучэбную лабараторыю «Юрыдычная клініка».

Студэнтам таксама пералічылі прычыны ўключэння моладзі ва ўжыванне наркатычных сродкаў: уплыў кампаніі, гультайства, сямейныя праблемы і шэраг іншых.

На семінары падвялі вынікі конкурсу «Лепшая прэзентацыя» па тэме парадку дня. Пераможцамі сталі Карына Кірылюк і Сняжана Малей (біялагічны факультэт) і Марына Валадзько (геаграфічны факультэт).

Студэнты адзначылі, што сустрэча была плённай і пазнавальнай, а выступоўцы ў сваю чаргу выказалі надзею, што моладзь зрабіла правільныя высновы.

Юлія Воўк, рэдактар студэнцкага клуба

Падзяліцца: