«Непаўторнае студэнцкае жыццё»

Універсітэцкі конкурс прамоўніцкага майстэрства замежных студэнтаў «Вучуся красамоўству» адзначыў сваё пяцігоддзе. Аўтары гэтага праекта (кафедра агульнага і рускага мовазнаўства) лічаць сваёй асноўнай задачай прыцягненне ўвагі студэнтаў-інафонаў да найважнейшай ролі вуснай маналагічнай і дыялагічнай прамовы для эфектыўнага валодання рускай мовай у вучэбна-навуковай і прафесійнай дзейнасці, у розных сферах зносін – паўсядзённай, сацыяльна-культурнай і афіцыйна-дзелавой. 1 сакавіка 2017 года ў ролі рытараў сябе паспрабавалі 22 прадстаўнікі пяці факультэтаў: філалагічнага, замежных моў, юрыдычнага, фізіка-матэматычнага і геаграфічнага. Цяперашні конкурс быў прысвечаны Году навукі ў Беларусі.

Тэмай вуснага публічнага выступлення стала «Непаўторнае студэнцкае жыццё». Прагучалі цікавыя, не падобныя адзін на аднаго, яркія аповеды – пра радасці гэтага перыяду жыцця; пра яго цяжкасці і пра тое, як студэнты іх пераадольваюць; пра сяброў, набытых ва ўніверсітэце, і пра выкладчыкаў; пра тое, як за гады вучобы мяняюцца погляды юнакоў і дзяўчат, як змяняюцца яны самі.

Барацьба працягвалася ў фінале (у другі тур выйшлі 12 канкурсантаў). Майстры слова выканалі заданні віктарыны «Век жыві – век вучыся» (даведваліся пра вялікіх людзей навукі, падбіралі сінонімы, вызначалі значэнні слоў, разгадвалі загадкі, дэманстравалі знаёмства з рускай фразеалогіяй), а таксама выступілі з «Рытарычным экспромтам» на зададзеную тэму і ў прапанаванай маўленчай сітуацыі.

У выніку напружанай барацьбы вызначыліся лідары конкурсу «Вучуся красамоўству-2017»:

  • 1-е месца – Ахмет Бердымырадаў, магістрант юрыдычнага факультэта;
  • 2-е месца – Гулшат Караева, студэнтка 5-га курса факультэта замежных моў, і Вепа Чарыеў, студэнт 3-га курса філалагічнага факультэта;
  • 3-е месца – Абадан Ёмудава, студэнтка 3-га курса філалагічнага факультэта, і Мяхры Атаніязава, студэнтка 4-га курса факультэта замежных моў.

Па рашэнні Савета старэйшын (з ліку вопытных удзельнікаў конкурсу «Вучуся красамоўству» мінулых гадоў) уладальнікамі намінацыі «Годны пераемнік» сталі: Сульгун Ханклычава, студэнтка 5-га курса факультэта замежных моў, і Надзіра Амінава, студэнтка 1-га курса факультэта замежных моў.

Спецыяльным прызам кафедры агульнага і рускага мовазнаўства адзначаны Іслам Аміраў, студэнт 2-га курса геаграфічнага факультэта.

Кафедра агульнага і рускага мовазнаўства

Падзяліцца: