Мы – адзінае цэлае!

«Мы – адзінае цэлае!» – менавіта гэтыя словы сталі лейтматывам ўрачыстага закрыцця Фестывалю замежных студэнтаў, якое адбылося ў Цэнтры моладзевай творчасці 2 сакавіка.

Мерапрыемствы фестывалю былі арганізаваны кафедрай агульнага і рускага мовазнаўства, студэнцкім і спартыўным клубамі, аддзелам выхаваўчай працы з моладдзю, аддзелам рэалізацыі праграм давузаўскай падрыхтоўкі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі, а таксама факультэтамі ўніверсітэта. Арганізатары падрыхтавалі шырокую святочную праграму: алімпіяды па рускай мове, конкурсы, віктарыны, выпускі сценгазет, кулінарныя і брэйн-рынгі, інтэлектуальныя і квест-гульні – фестывальныя тыдні былі цікавымі і плённымі.

Пераможцаў розных першынстваў фестывалю ўшаноўвалі на гала-канцэрце. Прыемнай нечаканасцю для многіх стала тое, што бацькам лепшых студэнтаў адпраўлены падзякі «За годнае выхаванне, фарміраванне працавітасці, пачуцця адказнасці, ветлівага стаўлення і павагі да старэйшых, актыўнай жыццёвай пазіцыі» ад рэктара ўніверсітэта Ганны Мікалаеўны Сендзер.

Афіцыйную частку цырымоніі аздаблялі творчыя нумары студэнтаў. Запальныя танцы, лірычныя і дынамічныя песні, паказ адзення і выступленне ўдзельнікаў КВЗ – студэнты пераканаўча прадэманстравалі, наколькі моцна фестываль спрыяе іх згуртаванню ў адзінае цэлае. А гэта значыць, што яго галоўная мэта дасягнута.

Юлія Воўк, рэдактар студэнцкага клуба

Падзяліцца: