XХI міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Актуальныя пытанні германскай філалогіі і лінгвадыдактыкі»

3 сакавіка на факультэце замежных моў БрДУ імя А.С. Пушкіна адбылася штогадовая навукова-практычная канферэнцыя «Актуальныя пытанні германскай філалогіі і лінгвадыдактыкі», якая ўжо паспела стаць своеасаблівай візітнай карткай факультэта. У канферэнцыі прынялі ўдзел выкладчыкі больш чым за 20 вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь, Расіі, Украіны і Польшчы.

У ходзе пленарнага пасяджэння прагучалі даклады, прысвечаныя разнастайным аспектам моўнай адукацыі і літаратуразнаўства.

Мы былі рады зноў вітаць нашых гасцей з Маскоўскага гарадскога педагагічнага ўніверсітэта, якія прадстаўляюць кафедру германістыкі і лінгвадыдактыкі. Так, доктар педагагічных навук, дацэнт Д.К. Бартош агучыла асноўныя прынцыпы і крытэрыі маніторынгу якасці моўнай адукацыі на сучасным этапе развіцця школы. Кандыдат педагагічных навук, дацэнт М.В. Харламава ў сваім дакладзе закранула практычныя аспекты выкарыстання камп’ютарных мультымедыйных тэхналогій (а менавіта тэхналогіі Вебквест) у навучанні замежным мовам.

Жывую цікавасць выклікаў даклад кандыдата філалагічных навук, дацэнта, загадчыка кафедры замежнай літаратуры Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Ю.В. Стулава, які пазнаёміў прысутных з выбітнымі аўтарамі амерыканскай літаратуры ХХI стагоддзя, чые работы былі ўганараваны Пулітцэраўскай прэміяй.

Абмеркаванне прапанаваных тэм працягнулася падчас круглых сталоў «Сучасныя тэндэнцыі развіцця іншамоўнай адукацыі» і «Актуальныя праблемы лінгвістыкі і літаратуразнаўства ХХI стагоддзя» з удзелам пленарных дакладчыкаў, дзе ў вольнай форме можна было задаць пытанні нашым гасцям або прапанаваць для абмеркавання сваю тэму.

Акрамя традыцыйных секцыйных пасяджэнняў, у рамках канферэнцыі была арганізавана праца майстар-класа настаўніка вышэйшай катэгорыі Г.В. Кавалёвай (СШ № 7 г. Брэста) «Камунікатыўныя тэхналогіі моўнай адукацыі».

Практыкаарыентаваны характар меў і семінар «Тэхналогіі стварэння электронных навучальных дапаможнікаў па замежнай мове», арганізаваны для ўдзельнікаў канферэнцыі кандыдатам фізіка-матэматычных навук, дацэнтам В.У. Трыгукам (БрДУ імя А.С. Пушкіна), дзе можна было пазнаёміцца з магчымасцямі тэхналогій LaTeX і Moodle.

Дзякуем усім удзельнікам канферэнцыі і спадзяёмся на далейшыя плённыя сустрэчы!

Сальнікава К.Г.,
намеснік дэкана факультэта замежных моў
па навуковай працы

Падзяліцца: