Міжнародны турнір па спартыўнай акрабатыцы «Кубак БДУФК»

З 23 па 24 лістапада ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры праходзіў міжнародны турнір па спартыўнай акрабатыцы «Кубак БДУФК». На спаборніцтвы прыехалі памерацца сіламі атлеты з Бельгіі, Вялікабрытаніі, Партугаліі, Расіі і Азербайджана. Нашу краіну на турніры прадстаўлялі выхаванцы спартыўных школ з усіх куткоў Беларусі. За ўзнагароды змагаліся юніёры і дарослыя, сярод якіх былі вопытныя спартсмены – прызёры чэмпіянатаў Еўропы і свету.

На цырымоніі адкрыцця турніру прысутнічалі выбітныя беларускія спартсмены і трэнеры. Заслужаны трэнер СССР па акрабатыцы, дацэнт кафедры гімнастыкі БДУФК Міхаіл Ільіч Цэйцін пажадаў удзельнікам турніру поспехаў і падкрэсліў, што дасягнуць высокіх вынікаў можа толькі атлет, які адносіцца да спорту з вялікай любоўю.

Арганізатары «Кубка БДУФК» падрыхтавалі для спартсменаў і гледачоў нямала сюрпрызаў. Цырымонію адкрыцця спаборніцтваў упрыгожылі яркія нумары ў выкананні студэнтаў універсітэта і запрошаных гасцей. На дыван выйшлі і зусім юныя акрабаты. На цырымоніі таксама выступілі чароўныя дзяўчаты з Тэатра гімнастыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. А стажоры БДУФК – студэнты Лінаньскага педагагічнага ўніверсітэта – выканалі традыцыйны кітайскі танец дракона і прадэманстравалі валоданне тэхнікай ушу.

На «Кубку БДУФК» студэнтка другога курса факультэта фізічнага выхавання Самкевіч Марына ў напружанай барацьбе заваявала ганаровае II месца ў намінацыі «Жаночая тройка».

Мы ад усёй душы віншуем Марыну з чарговай перамогай
і жадаем ёй вялікіх спартыўных поспехаў у будучыні!!!

Інфармацыю падрыхтавала Ірына Кузьміч (філалагічны факультэт)
па матэрыялах БДУКМ, спартклуба і факультэта фізічнага выхаванне

Падзяліцца: