Мы дружбаю моцныя

«Мы дружбаю моцныя» – менавіта гэтыя словы сталі дэвізам VIII Фестывалю замежных студэнтаў, які ў гэтым годзе праводзіўся ў нашым універсітэце з 19 па 28 лютага. Традыцыйна самай яркай падзеяй фестывалю стаў гала-канцэрт у Цэнтры моладзевай творчасці.

З прывітальным словам выступіла рэктар універсітэта Г.М. Сендзер. Ганна Мікалаеўна падзякавала арганізатарам за арганізацыю мерапрыемства і выказала ўпэўненасць у тым, што фестываль з кожным годам будзе станавіцца ўсё лепшым і цікавейшым.

Прэзентацыя, якая адлюстравала найбольш важныя моманты мерапрыемстваў фестывалю, стала пацвярджэннем таго, што фестывальны тыдзень быў вельмі насычаным.

Самая хвалюючым і прыемным этапам урачыстасці стала цырымонія ўзнагароджання пераможцаў шматлікіх алімпіяд і конкурсаў, а таксама аб’яўленне падзяк самым актыўным удзельнікам святочных мерапрыемстваў.

Затым адбылася канцэртная праграма: студэнты з дзевяці краін, якія навучаюцца ў нашай alma mater, здзіўлялі гледачоў сваімі музычнымі і танцавальнымі здольнасцямі, уменнем выразна чытаць вершы. На ўра гледачы прымалі выступленне КВЗ і дэфіле ў строях, вырабленых уручную. Навінай гэтага года стала светлавое шоу з дзясяткаў ліхтарыкаў падчас выканання заключнага нумара канцэрта. Завяршыўся фестываль рознакаляровым шарападом.

Фестывальныя дні сталі аднымі з самых яркіх прамянёў у студэнцкім жыцці нашага ўніверсітэта. Успаміны пра гэтае свята, бясспрэчна, застануцца ў сэрцах яго ўдзельнікаў на доўгія гады.

Юлія Воўк, рэдактар студэнцкага клуба

Падзяліцца: