Першынства ўніверсітэта па эстафетным бегу

1 сакавіка ў лёгкаатлетычным манежы БрДУ імя А.С. Пушкіна адбыліся ўніверсітэцкія спаборніцтвы па эстафетным бегу 4×200 м, прысвечаныя перамозе беларускай каманды на эстафетнай дыстанцыі жаночага біятлона ў алімпійскім Пхенчхане.

Гэтыя спаборніцтвы традыцыйна закрываюць зімовы сезон нашых лёгкаатлетаў. Галоўная мэта гэтага старту – падрыхтоўка спартсменаў да фінальных спаборніцтваў Рэспубліканскай Універсіяды–2018 па кросе і па лёгкай атлетыцы.

Асноўныя правілы эстафеты заключаюцца ў правільнай перадачы палачкі з этапу на этап і ў тым, што нельга перашкаджаць сапернікам праходзіць дыстанцыю. Перадача павінна ажыццяўляцца ў межах спецыяльнага калідора. Спартсменам нельга карыстацца ніякім клейкім саставам ці пальчаткамі для ўтрымання палачкі. У спрынтарскіх эстафетах зладжаная перадача палачкі іграе ключавую ролю і адпрацоўваецца доўгімі трэніроўкамі.

Спаборніцтвы праводзіліся кафедрай лёгкай атлетыкі, плавання і лыжнага спорту (галоўны суддзя спаборніцтваў – прафесар кафедры Ярашэвіч Віктар Рыгоравіч, галоўны сакратар – выкладчык кафедры Гагалюк Фёдар Канстанцінавіч).

Пераможцам спаборніцтваў сярод юнакоў стала каманда 3-га курса факультэта фізічнага выхавання, гэты ж курс першынстваваў і сярод жаночых каманд. Каманды-пераможцы атрымалі прызы і дыпломы ад прафсаюзнага камітэта студэнтаў нашага ўніверсітэта.

Інфармацыю падрыхтавала Ірына Кузьміч (філалагічны факультэт)
па матэрыялах факультэта фізічнага выхавання і спартклуба

Падзяліцца: