Працаваць спяшаемся!

Штаб працоўных спраў БРСМ БрДУ штогод праводзіць набор студэнтаў у студэнцкія атрады. Так, 26 красавіка ў нашым універсітэце адбылася акцыя «Правядзі лета з намі» для прыцягнення ўвагі моладзі да працаўладкавання на канікулах.

У рамках акцыі з флеш-мобам выступіў атрад «Лідар» – лепшы педагагічны атрад 2015–2017 гг. Дарэчы, 2 мая ён адправіцца ў Мінск на ўрачыстае адкрыццё трэцяга працоўнага семестра «Лета–2018». Валанцёры раздавалі флаеры з інфармацыяй аб арганізацыях, зацікаўленых у тым, каб да іх прыйшлі працаваць студэнты нашага ўніверсітэта. Сярод такіх арганізацый – ТЦСАН Маскоўскага раёна г. Брэста, брэсцкі аэрапорт, ДПУ НП «Белавежская пушча», ПГУП «Перспектыўныя гандлёвыя тэхналогіі» і іншыя.

Як адзначылі арганізатары і ўдзельнікі акцыі, студатрадаўскі рух мае выхаваўчы і патрыятычны складнік, з’яўляючыся адным з найважнейшых напрамкаў у галіне моладзевай палітыкі. Студатрадаўскі рух закліканы задзейнічаць актыўных, ініцыятыўных і энергічных рабят для вырашэння эканамічных, гаспадарча-бытавых, жыллёвых і іншых праблем.

Юлія Воўк, рэдактар студэнцкага клуба

Падзяліцца: