Універсітэт – наш шлях да поспеху

Урачысты вечар «Універсітэт – наш шлях да поспеху», прысвечаны 73-му дню нараджэння БрДУ, адбыўся 30 кастрычніка 2018 года ў Палацы культуры прафсаюзаў. Прывітанне рэктара, узнагароджанне і канцэрт – асноўныя часткі святочнай праграмы, якія гарманічна дапоўнілі адна адну.

Дзень нараджэння – свята аднаго чалавека, а дзень нараджэння ўніверсітэта – свята вялікага дружнага калектыву, добрая нагода сабрацца разам, падвесці вынікі, узнагародзіць лепшых і паставіць новыя задачы. Універсітэт – гэта наша праца, нашы традыцыі. Універсітэт – гэта людзі, якія штодня вучаць студэнтаў, запальваюць агонь у іх вачах і сэрцах і рыхтуюць да дарослага жыцця. Менавіта таму ў дзень нараджэння БрДУ кіраўніцтва ўніверсітэта ўручыла Нагрудны Ганаровы знак, граматы міністэрства адукацыі, ганаровыя граматы ўніверсітэта, падзякі рэктара і памятныя падарункі работнікам і студэнтам.

Адзін з самых хвалюючых момантаў – уручэнне падзяк бацькам навучэнцаў, бо нашы поспехі і дасягненні залежаць не толькі ад нас саміх, але і ад веры ў нас блізкіх.

Па традыцыі цырымонію ўзнагароджання пачала рэктар універсітэта, доктар педагагічных навук, прафесар Ганна Сендзер. У прывітальным слове яна павіншавала свой дружны калектыў са святам. Ганна Мікалаеўна адзначыла, што мінулы год для ўніверсітэта быў плённым, пацвярджэннем чаго служаць поспехі выкладчыкаў і студэнтаў у навукова-даследчай, вучэбна-метадычнай, творчай і спартыўнай дзейнасці. Выкладчыкамі alma mater было выдадзена 17 навучальных дапаможнікаў з грыфам міністэрства адукацыі і профільных вучэбна-метадычных аб’яднанняў, зацверджана і абаронена ў ВАК 5 кандыдацкіх дысертацый, студэнтамі атрымана 22 дыпломы на рэспубліканскім аглядзе-конкурсе мастацкіх калектываў і індывідуальных выканаўцаў «Арт-вакацыі – 2018», заваяваны прызавыя месцы на чэмпіянатах Еўропы і рэспублікі па рукапашным баі, плаванні, лёгкай атлетыцы і г.д. – гэта няпоўны пералік нашых дасягненняў.

Таксама Ганна Сендзер выказала ўдзячнасць работнікам i студэнтам за штодзённую карпатлівую працу, гатоўнасць асвойваць новыя формы работы і імкненне павышаць прэстыж універсітэта, каб у яго былі новыя рэкорды, і пажадала ўсім моцнага здароўя, шчасця, энтузіязму і натхнення.

Прыемна, што віншавальны адрас на імя рэктара даслаў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Брэсцкай вобласці Дзмітрый Баско. У віншаванні адзначана, што выпускнікі БрДУ дасягаюць вялікіх поспехаў у педагагічнай дзейнасці, у дзяржаўных органах, сілавых структурах і іншых сферах жыццядзейнасці.

Годна аздабляла ўрачыстасць канцэртная праграма. Выступленні нашых артыстаў і спартсменаў, а таксама запрошаных гасцей падарылі шмат станоўчых эмоцый і ўражанняў гледачам. Уладзіслаў Макарэвіч, Вольга Маразюк, студыя эстрадных спеваў «Ступені», выпускніца БрДУ Аляксандра Холапава, група па чырлідынгу, Аляксандр Жарын і многія іншыя з цеплынёй і бязмежнай любоўю да ўніверсітэта дзяліліся сваёй творчасцю ў яго дзень нараджэння. Бурнымі апладысментамі былі сустрэты выступленні дзяцей. Спадзяёмся, што ў хуткім часе яны будуць прымаць удзел у нашых мерапрыемствах у якасці студэнтаў БрДУ.

Фінальны акорд урачыстасці – выкананне песні на матыў кампазіцыі «Усё, што ў жыцці, ёсць у мяне». Ён ярка прадэманстраваў, што БрДУ ўяўляе сабой цэнтр ведаў, культуры і гуманнасці, адзінства праўды і веры ў агульныя мары і мэты на шляху да поспеху. Мы ствараем слаўную гісторыю нашага ўніверсітэта, развіваем яго, укараняем новае, але застаёмся вернымі традыцыям. І спадзяёмся, што нашу эстафету прымуць годныя новыя пакаленні, якія будуць прымнажаць багацці alma mater.

Юлія Воўк, рэдактар студэнцкага клуба

Падзяліцца: