Студэнт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна – «Студэнт года – 2018»

Абласны этап Рэспубліканскага конкурсу «Студэнт года – 2018» адбыўся 8 лістапада ў Палескім дзяржаўным універсітэце (г. Пінск). Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна прадстаўляла студэнтка 4-га курса філалагічнага факультэта Вольга Маразюк (уладальніца звання «Студэнт года – 2017» у БрДУ імя А.С. Пушкіна).

За права быць прызнаным лепшым студэнтам у Брэсцкай вобласці змагаліся пяць прадстаўнікоў чатырох універсітэтаў (БрДУ імя А.С. Пушкіна, БрДТУ, БарДУ, ПалесДУ). На працягу ўсіх конкурсных этапаў (самапрэзентацыя «Я – студэнт!», інтэлектуальны турнір, творчае хатняе заданне «Беларусь – крынiца натхнення», конкурс відэаролікаў) Вольга Маразюк ярка і ўпэўнена прадэманстравала якасную прафесійную падрыхтоўку, актыўную грамадзянскую пазіцыю, валоданне камунікатыўнымі навыкамі, гнуткасць мыслення, рознабаковы творчы патэнцыял. Менавіта сукупнасць талентаў Вольгі і актыўная падтрымка балельшчыкаў безапеляцыйна пераканалі журы ў лідарстве нашай канкурсанткі.

Па выніках абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу Вольга Маразюк стала уладальніцай тытула «СТУДЭНТ ГОДА – 2018».

Віншуем і жадаем ёй далейшых поспехаў!

Аддзел выхаваўчай працы з моладдзю

Падзяліцца: