Музычны экспромт-рынг да Дня студэнта

15 лістапада 2018 года на псіхолага-педагагічным факультэце ў гонар надыходзячага Дня студэнта адбыўся конкурс «Музычны экспромт-рынг». У творчым і сапраўды фантастычным шоу прынялі ўдзел каманды выкладчыкаў і студэнтаў факультэта.

Студэнты 1–2 курсаў не толькі прадставілі каманду, але і выступілі асноўнымі арганізатарамі мерапрыемства. У складзе каманды іх сапернікаў (пад назвай «Сямёра смелых») выступілі: І.Г. Матыцына, заг. кафедры педагогікі сацыяльнай і пачатковай адукацыі, кандыдат педагагічных навук, М.У. Марчук, старшы выкладчык кафедры педагогікі сацыяльнай і пачатковай адукацыі, Н.Г. Чубінашвілі, нам. дэкана па вучэбнай працы, старшы выкладчык кафедры педагогікі сацыяльнай і пачатковай адукацыі, Ю.Я. Іванюк, нам. дэкана па выхаваўчай працы, выкладчык кафедры псіхалогіі, Г.У. Лагонда, дацэнт кафедры псіхалогіі, кандыдат псіхалагічных навук, А.І. Мядзведская, дацэнт кафедры псіхалогіі, кандыдат псіхалагічных навук, Т.С. Аніскевіч, дацэнт кафедры агульнаадукацыйных дысцыплін і методык іх выкладання, кандыдат педагагічных навук.

Змест конкурсаў і ўвесь конкурс прадстаўлялі артыстычныя імправізатары – студэнт трэцяга курса Дзмітрый Туцкі і другакурсніца Ганна Голуб.

Конкурсная праграма ўключала наступныя заданні:

1. «ДО» – хатняя нарыхтоўка, своеасаблівае «Дасье», дзе ўдзельнікі прадстаўлялі свае візітоўкі.

2. «РЭ» – «Рэакцыя». Кожная каманда слухала свой музычны фрагмент, які па змесце ўяўляў сабой пытанне. Задача каманд: падабраць адпаведны «музычны адказ» з іншага музычнага твора.

3. «МІ» – «Міміка і жэсты». Канкурсанты выбіралі карткі, на якіх напісаны які-небудзь радок з папулярнай песні. Задача ўдзельніка: невербальна растлумачыць сваёй камандзе змест карткі. Задача каманды: адгадаць гэты змест.

4. «ФА» – «Фантазія», дзе ўдзельнікам падаваліся словы, не звязаныя паміж сабой па сэнсе. Задача каманд: за 2 хвіліны прыдумаць невялікую прыпеўку з выкарыстаннем дадзеных слоў і выканаць яе хорам.

5. «СОЛЬ» – «Сальфеджыа». Камандам раздаваліся прыпевы песень і жанр, у якім яны павінны былі выканаць прапанаваны тэкст.

6. «ЛЯ» – «Лявоніха». Танцавальная пара ад кожнай каманды дэманстравала сваё мастацтва ў выкананні «беларускай полькі».

7. «СІ» – «Сілуэт» (хатняе заданне): каманды прадстаўлялі мадэль з музычным суправаджэннем, каменціравалі касцюмы і г. д.

Барацьба была вострая і напружаная. Абедзве каманды выдатна праявілі сябе і справіліся з усімі заданнямі. Свята прайшло ў вясёлай, эмацыйнай, сямейнай атмасферы. Удзельнікі і гледачы атрымалі мора пазітыўных эмоцый. А галоўнае, што ў канцы конкурсу перамагла ДРУЖБА!!!

Аргкамітэт

Падзяліцца: