Рэгіянальная навукова-багаслоўская студэнцкая канферэнцыя «Дзейнасць Праваслаўнай Царквы на беларускіх землях у ХVIII – пачатку ХХI стст.»

1 красавіка 2019 г. адбылася Рэгіянальная навукова-багаслоўская студэнцкая канферэнцыя «Дзейнасць Праваслаўнай Царквы на беларускіх землях у ХVIII – пачатку ХХI стст.», прымеркаваная да 180-годдзя Полацкага царкоўнага сабора 1839 г. У гэтым мерапрыемстве, арганізаваным кафедрай гісторыі славянскіх народаў БрДУ імя А.С. Пушкіна і Брэсцкай епархіяй Беларускай Праваслаўнай Царквы, актыўны ўдзел прынялі студэнты спецыяльнасці «Гісторыя (рэлігіі)» гістарычнага факультэта, выкладчыкі, царкоўна- і свяшчэннаслужыцелі.

Архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан у прывітальным слове, а таксама пры падвядзенні вынікаў канферэнцыі звярнуў увагу студэнтаў на аб’ектыўнасць пры вывучэнні і выкладанні гісторыі, пажадаў ім поспехаў у прафесійнай дзейнасці і шчасця ў асабістым жыцці. Вядучы пленарнага пасяджэння – загадчык кафедры гісторыі славянскіх народаў, доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Мікалаевіч Вабішчэвіч – падзякаваў Уладыку за супрацоўніцтва і ўручыў выдадзеныя матэрыялы адной з папярэдніх сумесных канферэнцый – па праблемах рэлігійна-маральнага выхавання дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту.

Асноўная частка дакладаў на праведзенай канферэнцыі была прысвечана Полацкаму сабору 1839 года, які прыняў рашэнне пра ўз’яднанне ўніятаў з Праваслаўнай Царквой. Прааналізавана палітыка ўрада Расійскай імперыі да ўніяцтва ў канцы XVIII – першай чвэрці XIX стст. (Наталля Джэжора), перадумовы, ход і вынікі Полацкага сабора (Кацярына Тарасюк). Цэнтральнае месца занялі даклады аб мітрапаліце Іосіфе (Сямашку): пра яго дзейнасць па ўмацаванні праваслаўя на беларускіх землях (Анастасія Верамяюк), творчую спадчыну (Мікалай Дзядзюк), асэнсаванне яго асобы ў навуковай і вучэбнай літаратуры (Аляксандр Купрыянюк). У цэлым шэрагу выступленняў ахарактарызавана дзейнасць паплечнікаў і аднадумцаў Іосіфа (Сямашкі): архіепіскапа Міхаіла (Галубовіча), епіскапа Ігнація (Жалязоўскага), епіскапа Паўла (Дабрахотава) (Дзяніс Супрунчык), протаіерэя Міхаіла Баброўскага (Ірына Шалашова), святара і пісьменніка Плакіда Янкоўскага (Мікалай Лагодзіч). Таксама былі асветлены розныя аспекты дзяржаўна-царкоўных адносін у ХХ ст.: аб праваслаўным духавенстве ў Расійскай імперыі ў гады Першай сусветнай вайны (Арцём Гудач), аб праваслаўных манастырах і ўзаемаадносінах савецкіх уладаў і царкоўных структур у БССР у 1944–1991 гг. (Ірына Елец і Кацярына Хоміч), а таксама пытанне аб сеткавых інфармацыйных рэсурсах Брэсцкай епархіі (Кірыл Панашчук).

Кафедра гісторыі славянскіх народаў

Падзяліцца: