Прафесар Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна прадставіла Рэспубліку Беларусь на Сусветнай генеральнай асамблеі

З 1 па 4 красавіка ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах (Шарджа) пад патранатам арганізацыі Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (UNESCO) і Эканамічнага і сацыяльнага савета ААН (ECOSOC) адбылася Сусветная генеральная асамблея Міжнароднай арганізацыі народнага мастацтва (IOV). Важнае месца ў рамках Асамблеі было адведзена Міжнароднай навуковай канферэнцыі IOV «Народная культура: сучаснасць і будучыня», якая была арганізавана Навуковай камісіяй IOV сумесна з Інстытутам спадчыны Шарджа.

У фокусе ўвагі ўдзельнікаў Асамблеі знаходзіліся навуковыя пытанні функцыянавання і трансфармацыі розных тыпаў фальклорнай культуры ў сучасным жыцці, карэляцыі фальклору і мастацтва (кіно, тэатра, музыкі, відэагульняў), уплыў сучасных тэхналогій і СМІ на традыцыйную культуру і інш.

Рэспубліку Беларусь на гэтым глабальным форуме прадставіла прафесар Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна Швед Іна Анатольеўна – член Навуковага камітэта IOV. Яна выступіла з дакладам на тэму «Беларускі сучасны дзіцячы фальклор», пазнаёміла сусветную навуковую грамадскасць з культурай і традыцыямі беларускага народа, а таксама з найноўшымі дасягненнямі ў галіне айчыннай этналогіі і фалькларыстыкі.

Падзяліцца: