Вечных ісцін незгасальнае святло

«Вечных ісцін незгасальнае святло» – менавіта гэтыя словы сталі тэмай канцэрта да Дня настаўніка. Урачыстасць адбылася ў нашым універсітэце 4 кастрычніка.

Рэктар БрДУ Ганна Сендзер шчыра павіншавала выкладчыкаў з прафесійным святам. Звяртаючыся да іх, Ганна Мікалаеўна адзначыла: «Цудоўная прафесія педагога будзе запатрабаваная заўсёды. У нашага ўніверсітэта шмат дасягненняў, і ўсе яны абумоўлены вашай карпатлівай працай». Яна ўручыла педагогам Ганаровыя граматы ўніверсітэта, граматы і падзякі рэктара.

Старшыня прафкама работнікаў БрДУ Ларыса Чэлышава зачытала віншавальны адрас ад галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі з пажаданнямі стабільнасці і працвітання, міру і згоды, павагі і ўдзячнасці з боку калег і студэнтаў. Ад сябе асабіста яна пажадала педагогам сіл і энергіі для ажыццяўлення прафесійнай дзейнасці. Ларыса Чэлышава ўручыла граматы і падзякі ад Брэсцкага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі прафсаюзным актывістам.

Затым студэнты і госці ўніверсітэта павіншавалі любімых выкладчыкаў творчымі нумарамі. Кранальныя песні ў выкананні Юліі Рахты, Ганны Крывецкай і Уладзіслава Макарэвіча, студый «Магаліф», «Ступені», сучасныя танцавальныя рытмы студыі «ONEWAY» і выступленні іншых артыстаў падарылі ўсім добры настрой. Трапяткія пачуцці выклікала мультымедыяпрэзентацыя «Пара надыходзіць осенняя», якая адлюстравала часцінку разнастайнага жыцця педагогаў у фотаздымках.

Дарагія выкладчыкі! Вы дапамагаеце студэнтам асвойваць асновы будучых прафесій, прывіваеце ім высокія ідэалы грамадзянскасці і патрыятызму, сееце ў іх сэрцах разумнае, добрае, вечнае. Яны схіляюцца перад вашымі прафесіяналізмам, мудрасцю, вопытам і талентам. Хай радасць і поспех заўсёды спадарожнічаюць вам! Няхай цяпло, клопат і ўвага блізкіх людзей саграваюць вас! А вашы душы і сэрцы захоўваюць вечных ісцін незгасальнае святло!

Юлія Воўк, студэнцкі клуб

Падзяліцца: