Свята Зімовага Сонцастаяння ў Інстытуце Канфуцыя

21 снежня ў 18:00 у Інстытуце Канфуцыя ў БрДУ імя А.С. Пушкіна прайшло Свята Зімовага Сонцастаяння – Дунчжы. “Дунчжы” перакладаецца з кітайскай мовы як “вяршыня зімы”. Гэта адно з галоўных святаў года, якое сімвалізуе пачатак новага гадавога цыклу, калі светавы дзень пачынае павялічвацца.

Супрацоўнікі Iнстытута Канфуцыя падрыхтавалі насычаную праграму, у якой кожны ўдзельнік мог прадэманстраваць свае веды па кітайскай мове і культуры, выявіць уменні крэатыўна ляпіць традыцыйныя кітайскія пельмені (з беларускім акцэнтам), а таксама навыкі працы ў камандзе. Слухачы прынялі ўдзел у розных інтэлектуальных конкурсах і рухомых гульнях.

Выкладчыкі Чэнь Чунься і Сюй Юлу падрыхтавалі віктарыну па гісторыі і традыцыях свята Дунчжы. Лю Сяомэй правяла майстар-клас па лепцы пельменяў. Юй Хайчан прапанаваў актыўныя формы святочнага адпачынку. Вялі мерапрыемства судырэктары з абодвух бакоў – Анжэла Саідзі і Дзін Шывэнь. За актыўны ўдзел у конкурсах удзельнікі свята атрымалі прызы. І, вядома, самым арыгінальным падарункам сталі пельмені, злепленыя самімi ўдзельнікі майстар-класа.

Для супрацоўнікаў Інстытута Канфуцыя і слухачоў курсаў кітайскай мовы навагодні святочны сезон стартаваў ярка, весела і ўрачыста.

Жадаем усім шчаслівага Новага года і Каляд!

Інстытут Канфуцыя

Падзяліцца: