Сустрэча з удзельнікамі Алімпійскіх гульняў

22 сакавіка ў рамках правядзення мерапрыемстваў Года гістарычнай памяці і ўніверсітэцкага фестывалю “Студэнцкая вясна – 2022” адбылася сустрэча з удзельнікамі Алімпійскіх гульняў:

Ганнай Малышчык – выпускніцай факультэта фізічнага выхавання, майстрам спорту Рэспублікі Беларусь міжнароднага класа па лёгкай атлетыцы (кіданне молата), пераможцай Кубка Еўропы па кіданнях і каманднага чэмпіянату Еўропы, прызёрам Сусветнай універсіяды, фіналісткай чэмпіянатаў свету і Еўропы, удзельніцай і фіналісткай летніх Алімпійскіх гульняў;

Таццянай Халадовіч – выпускніцай факультэта фізічнага выхавання, майстрам спорту Рэспублікі Беларусь міжнароднага класа па лёгкай атлетыцы (кіданне кап’я), рэкардсменкай Рэспублікі Беларусь, пераможцай Сусветнай універсіяды, пераможцай чэмпіянату Еўропы, Кубка Еўропы па кіданнях, пераможцай ІІ Еўрапейскіх гульняў, прызёрам каманднага чэмпіянату Еўропы, прызёрам матчавай сустрэчы ЗША – Еўропа, фіналісткай чэмпіянату свету і Еўропы, удзельніцай і фіналісткай летніх Алімпійскіх гульняў;

Аляксеем Каткаўцом – студэнтам ІV курса факультэта фізічнага выхавання і турызму, майстрам спорту Рэспублікі Беларусь міжнароднага класа па лёгкай атлетыцы (кіданне кап’я), рэкардсменам Рэспублікі Беларусь, пераможцам Кубка Еўропы сярод моладзі, прызёрам чэмпіянатаў Еўропы сярод юніёраў і моладзі, фіналістам Кубка Еўропы, удзельнікам чэмпіянату свету, фіналістам летніх Алімпійскіх гульняў у Токіа.

На сустрэчы прысутнічалі настаўнікі спартсменаў Аляксандр Аляксеевіч Носаў і Валерый Дзмітрыевіч Аксянчук, а таксама заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь, прафесар кафедры лёгкай атлетыкі, плавання і лыжнага спорту Віктар Рыгоравіч Ярашэвіч.

Спартсмены падзяліліся сваімі ўражаннямі ад удзелу ў буйных міжнародных спаборніцтвах, пастараліся перадаць эмоцыі свята, якія суправаджаюць Алімпійскія гульні. Трэнеры расказалі пра асаблівасці працы са спартсменамі, у тым ліку і пры падрыхтоўцы да Алімпійскіх гульняў у Токіа. В.Р. Ярашэвіч падзяліўся ўспамінамі пра Алімпійскія гульні, на якіх Юлія Несцярэнка заваявала залаты медаль у бегу на 100 метраў.

Студэнты задавалі пытанні, іх цікавіла не толькі спартыўнае і каляспартыўнае жыццё алімпійцаў, але і сучасныя метадычныя падыходы трэнераў пры рабоце са спартсменамі.

На сустрэчы былі прадэманстраваны відэапрэзентацыі спецыяліста па суправаджэнні вучэбнага працэсу кафедры фізічнай культуры А.П. Кісель, прысвечаныя Алімпійскім гульням.

Сустрэча прайшла ў цёплай, сяброўскай атмасферы.

Ініцыятарам сустрэчы выступіла кафедра лёгкай атлетыкі, плавання і лыжнага спорту.

Падзяліцца: