Дзень адчыненых дзвярэй у БрДУ імя А.С.Пушкіна

26 сакавіка ў БрДУ імя А.С. Пушкіна прайшоў Дзень адчыненых дзвярэй. Ён пачаўся з кірмашу спецыяльнасцей. Затым адбылася размова рэктара ўніверсітэта з будучымі абітурыентамі. Прывітаўшы прысутных, рэктар універсітэта Ганна Сендзер дала агульную інфармацыю пра ўніверсітэт і яго развіццё, расказала пра спецыяльнасці, па якіх ажыццяўляецца падрыхтоўка будучых спецыялістаў, пазнаёміла з дэканамі факультэтаў.

З выступлення адказнага сакратара прыёмнай камісіі БрДУ Таццяны Дзямчук юнакі і дзяўчаты даведаліся пра шматпрофільнасць і шматузроўневасць адукацыі ва ўніверсітэце, пра этапы ўступнай кампаніі і формы навучання. Таццяна Сяргееўна адзначыла, што ў гэтым годзе адкрываюцца адразу дзве новыя спецыяльнасці: “Інфармацыя і камунікацыя” і “Урбаналогія і сіці-менеджмент”. Дырэктар інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Алена Мірская паведаміла пра цэнтралізаванае рэпетыцыйнае тэсціраванне і пра падрыхтоўчыя курсы.

  

Дзякуючы канцэртнай праграме, падрыхтаванай актывістамі студэнцкага клуба, выпускнікі школ пераканаліся: БрДУ славіцца не толькі якаснай адукацыяй, але і насычанай творчай дзейнасцю.

Знаёмства з універсітэтам мела працяг на факультэтах.

Падзяліцца: