Дыялогавая пляцоўка “Не – падзелу Белавежскай пушчы”

30 сакавіка ў Зімнім садзе БрДУ імя А.С. Пушкіна прайшла дыялогавая пляцоўка, асноўнай тэмай абмеркавання на якой стала будаўніцтва польскім бокам пагранічнай загароджы ў Белавежскай пушчы.

Навуковы супрацоўнік Нацыянальнага парку “Белавежская пушча” Антон Мікалаевіч Кузьміцкі расказаў пра ўнікальнасць і выключнае прыродаахоўнае значэнне пушчы і наступствы, да якіх можа прывесці будаўніцтва загароджы вышынёй больш за 5 м.

Сваімі думкамі падзяліліся намеснік старшыні Брэсцкага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віталь Віктаравіч Пячко, дацэнт кафедры геаграфіі і прыродакарыстання БрДУ імя А.С. Пушкіна Ірына Васільеўна Абрамава, дэкан факультэта інжынерных сістэм і экалогіі БДТУ Аляксандр Аляксандравіч Волчак. Студэнты БрДУ імя А.С. Пушкіна і БДТУ мелі магчымасць задаць пытанні адносна сітуацыі, якая склалася.

Белавежская пушча – унікальны аб’ект некранутай прыроды, занесены ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, таму любыя дзеянні, якія могуць негатыўна адбіцца на яе выключна рэдкіх экалагічных сістэмах, з’яўляюцца недапушчальнымі. Штучны падзел адзінага прыроднага комплексу, выкліканы будаўніцтвам загароджы, – пагроза існаванню рэдкіх экасістэм. Гэта прывядзе да ізаляцыі папуляцыйных груп буйных млекакормячых і збядненню іх генафонду. А яшчэ ў выніку будаўніцтва пагранічнай загароджы зменіцца ўзровень грунтовых вод, што стане прычынай знікнення каштоўных стараўзроставых шыракаліставых і чарнавольхавых лясоў, прывядзе да страты цэлага шэрагу балот, якія маюць выключнае значэнне для захавання біялагічнай разнастайнасці, узнікне пагроза тым відам птушак, што знаходзяцца пад пагрозай глабальнага знікнення.

Будаўніцтва загароджы супярэчыць крытэрыям і прынцыпам кіравання асаблiва ахоўнай прыроднай тэрыторыяй і з’яўляецца катэгарычна недапушчальным.

Кожны, хто пажадае, можа дапамагчы захаванню пушчы. Пазнаёміцца са зместам петыцыі і падтрымаць яе можна па спасылцы zabory.net.by.

Не заставайцеся ўбаку, ваш голас можа стаць вырашальным!

Марыя Абрамук
камандзір валанцёрскага атрада “НеаГея”

Падзяліцца: