Дынастыя – ганаровае слова!

24 мая 2022 года вучні і настаўнікі пачатковых класаў ДУА “Сярэдняя школа № 13 г. Брэста імя В.І. Хована”, выкладчыкі кафедры агульнаадукацыйных дысцыплін і методык іх выкладання і студэнты псіхолага-педагагічнага факультэта сталі актыўнымі ўдзельнікамі прэзентацыі-справаздачы творчай групы “Першыя адкрыцці ў свеце прафесій: усё пачынаецца з настаўніка”. Мэта сумеснага мерапрыемства – фарміраванне паважлівых адносін да прафесійнай дзейнасці педагога, захаванне пераемнасці пакаленняў, садзеянне фарміраванню актыўнай жыццёвай пазіцыі студэнтаў і школьнікаў, прыахвочванне іх да актыўнай практычнай дзейнасці.

Намеснік дырэктара па вучэбнай працы В.К. Красько расказала аб працы калектыву школы з вучнямі педагагічных класаў, пра мерапрыемствы, што спрыяюць далучэнню вучняў да педагагічнай прафесіі, адзначыўшы, што прафесія педагога адказная, складаная, цікавая і вельмі неабходная.

Выступленне Р.В. Бяловай, кіраўніка творчай групы, было прысвечана прэзентацыі мерапрыемстваў, што праведзены ў пачатковых класах на працягу навучальнага года і накіраваны на фарміраванне ў дзяцей цікавасці да педагагічнай дзейнасці, на выхаванне паважлівых адносін да настаўніка.

Студэнты псіхолага-педагагічнага факультэта падзяліліся сваімі гісторыямі педагагічных дынастый, а вучні Міхась Юрасаў і Кірыл Швораб расказалі пра сваіх мам, якія працуюць настаўнікамі ў школе.

Удзельнікі мерапрыемства разважалі пра тое, чаму людзі, звязаныя кроўнымі адносінамі, часта выбіраюць адну і тую ж прафесію, і прыйшлі да высновы, што немагчыма стаць настаўнікам, проста ідучы ўслед за бацькамі, – для гэтага патрэбны кліч душы.

Загадчык кафедры агульнаадукацыйных дысцыплін і методык іх выкладання Г.М. Канцавая правяла для ўдзельнікаў мерапрыемства займальную віктарыну “Настаўнік – тры склады, але як гэта многа!”, падкрэсліўшы, што настаўніцкія дынастыі – гэта яркія зоркі на педагагічным небасхіле, якія запальваюць іншых сваім аптымізмам, творчасцю і энергіяй.

Мерапрыемства прайшло ў цёплай атмасферы, атрымалася цікавым і пазнавальным.

Дзякуем за гасціннасць Брэсцкай абласной навукова-тэхнічнай бібліятэцы, на базе якой прайшла прэзентацыя-справаздача. Спадзяёмся на далейшае супрацоўніцтва.

Кафедра агульнаадукацыйных дысцыплін
і методык іх выкладання

Падзяліцца: