Функцыянальная граматнасць школьнікаў як фактар павышэння якасці адукацыі

13 снежня 2022 года на базе ДУК «Брэсцкая цэнтральная гарадская бібліятэка імя А. С. Пушкіна» адбыўся гарадскі семінар-практыкум «Функцыянальная граматнасць школьнікаў як фактар павышэння якасці адукацыі», арганізаваны ДУА «Сярэдняя школа № 13 г. Брэста імя В. І. Хована» і кафедрай агульнаадукацыйных дысцыплін і методык іх выкладання.

Адкрываючы семінар, намеснік дырэктара па вучэбнай працы ДУА «Сярэдняя школа № 13 г. Брэста імя В. І. Хована» В. К. Красько адзначыла, што фарміраванне функцыянальнай граматнасцi вучняў з’яўляецца адной з найважнейшых задач школы і што ў сучасным адукацыйным асяроддзі функцыянальная граматнасць фарміруецца ў кантэксце кожнага вучэбнага прадмета і мае разнастайныя формы праяўлення; кандыдат філалагічных навук дацэнт Г. М. Канцавая звярнула ўвагу на тое, што, хоць змест прадмета з’яўляецца асновай у выкладанні, сёння школьніку мала мець акадэмічныя веды, – яму патрэбныя яшчэ навыкі рашэння жыццёвых задач, уменне выкарыстоўваць свае веды ў прыкладных аспектах дзейнасці.

У ходзе семінара раскрыты сутнасць паняцця «функцыянальная граматнасць», асноўныя яе віды, інтэгратыўныя і прадметныя кампаненты, сродкі фарміравання, прадэманстраваны накіраваныя на развіццё функцыянальнай граматнасцi прыёмы працы на ўроках на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

Настаўнікі пачатковых класаў I. Д. Дронжак, Р. В. Бялова, Ю. В. Асiюк падзялiлiся вопытам фарміравання чытацкай, прыродазнаўчай, матэматычнай граматнасцi на ўроках у пачатковай школе, прадэманстравалі эфектыўныя вучэбныя заданні, выкананне якіх спрыяе фармiраванню функцыянальнай граматнасцi малодшых школьнікаў. Загадчык аддзела культурна-інфармацыйнай і праектнай дзейнасці ДУК «Брэсцкая цэнтральная гарадская бібліятэка імя А. С. Пушкіна» I. Я. Клімовіч пазнаёмiла ўдзельнiкаў семiнара з прыёмамi працы бібліятэкі па фарміраванні ў малодшых школьнікаў чытацкай граматнасці. Педагог-псіхолаг Г. А. Гец правяла са студэнтамi трэнінг, падчас якога былі вызначаны педагагічныя ўмовы фарміравання сацыяльна-камунікатыўнай кампетэнтнасці школьніка, вылучаны яе цяжкасці і шляхі іх пераадолення.

Семінар-практыкум быў карысным для настаўнікаў пачатковых класаў і выкладчыкаў вышэйшай школы, так як прадстаўленыя ідэі можна рэалізаваць у школьнай практыцы і пры выкладаннi метадычных дысцыплін у ВНУ; пазнавальным для студэнтаў, таму што даў iм магчымасць атрымаць новыя веды, пазнаёміцца з эфектыўнымi метадычнымі прыёмамі арганізацыі адукацыйнай дзейнасці вучняў пачатковых класаў.

Кафедра агульнаадукацыйных дысцыплiн i методык iх выкладання

Падзяліцца: