Кафедра гісторыі славянскіх народаў вылучылася са складу кафедры ўсеагульнай гісторыі (утворана ў 1989) у 1992 г. У адпаведнасці з загадам рэктара ад 5 лістапада 2008 г., кафедра была ўзбуйнена за кошт далучэння да яе кафедры гісторыі культуры і рэлігіі (2004–2008). На кафедры працуюць: 1 доктар, 5 кандыдатаў навук і 2 старшыя выкладчыкі.
Кафедра гісторыі славянскіх народаў з’яўляецца прафілюючай па спецыяльнасцях:
- Гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны
- Гісторыя (рэлігій)
- Гісторыя (археалогія)
Для падрыхтоўкі спецыялістаў па дадзеных спецыяльнасцях кафедра мае высокапрафесійны кадравы склад. Выкладчыкі кафедры пастаянна ўдасканальваюць сваю навуковую кваліфікацыю, актыўна выкарыстоўваюць у працэсе вывучэння гістарычных, культуралагічных і рэлігіязнаўчых дысцыплін наватарскія метады і сродкі навучання (лекцыі з выкарыстаннем мультымедыйных прэзентацый, майстар-класы, “круглыя сталы”, вучэбныя канферэнцыі, метады праектнага і праблемнага навучання і інш.). У 2010 г. Вабішчэвіч А.М. паспяхова абараніў у БДУ доктарскую дысертацыю “Нацыянальна-культурнае жыццё ў Заходняй Беларусі (1921–1939 гг.)”. Загадчык кафедры Вабішчэвіч А.М. атрымаў Дыплом лаўрэата конкурсу ВАК Рэспублікі Беларусь за лепшую доктарскую дысертацыю 2011 г. у намінацыі “Гуманітарныя навукі”. 07.02.2012 г. у Мінску ў час урачыстай цырымоніі ўручэння дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара навуковым і навукова-педагагічным работнікам Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка адзначыў у якасці прыкладу дасягненняў айчынных вучоных-гуманітарыяў доктарскую дысертацыю загадчыка кафедры БрДУ імя А.С. Пушкіна А.М. Вабішчэвіча пра барацьбу беларусаў за захаванне культурнай самабытнасці пад уладай Польшчы ў 1920–1930-ыя гг. (http://president.gov.by/ru/news_ru/view/7-fevralja-glava-gosudarstva-vruchil-diplomy-doktora-nauk-i-attestaty-professora-luchshim-uchenym-i-pedagogam-494/). Дацэнт Савіч А.А. рыхтуе доктарскую дысертацыю па гісторыяграфіі гісторыі Заходняй Беларусі (1921–1939 гг.). Загадчык кафедры Вабішчэвіч А.М. па выніках універсітэцкага конкурсу “Майстар лекцыйных заняткаў” (2007 г.) заняў 2-е месца, дацэнт Свірыд А.М. у 2016 г. – 1-е месца. Выкладчык Занько Я.Ю. стала пераможцам універсітэцкага конкурсу “Прафесійны дэбют” у намінацыі “Педагагічны артыстызм” (2012 г.).
Плённая праца выкладчыкаў кафедры неаднойчы адзначалася на рэспубліканскім і абласным узроўнях, рэктарам універсітэта. У 2009 г. загадчык кафедры Вабішчэвіч А.М. быў ганараваны прэміяй імя У.А. Калесніка БрДУ імя А.С. Пушкіна ў галіне сацыяльных і гуманітарных навук. Аляксандр Мікалаевіч узнагароджаны таксама Граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (2015 г.), Ганаровай граматай ВАК Рэспублікі Беларусь, ён атрымаў Падзяку міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь (2019 г.). Дацэнт Савіч А.А. атрымаў Падзяку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2015 г.), узнагароджаны Граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (2019 г.). Кафедра гісторыі славянскіх народаў актыўна супрацоўнічае са шматлікімі ўстановамі адукацыі, навукі, культуры, грамадскімі арганізацыямі г. Брэста і Брэсцкай вобласці ў галіне прафарыентацыі, вывучэння, папулярызацыі і захавання айчыннай гісторыка-культурнай спадчыны.
Прадстаўнікі кафедры прымаюць удзел у працы шматлікіх навуковых міжнародных, рэспубліканскіх і рэгіянальных канферэнцый, у тым ліку і за межамі Рэспублікі Беларусь – у Расіі, Украіне, Польшчы, Літве і іншых краінах. У 2014–2017 гг. выкладчыкі кафедры падрыхтавалі 204 даклады, з якімі выступілі на навуковых канферэнцыях і іншых навуковых мерапрыемствах (з іх за мяжой – 49). У 2017 г. кафедра заняла 1-е месца ва ўніверсітэце па навукова-даследчай працы. Кафедра з’яўлялася арганізатарам міжнародных навуковых канферэнцый – міжнародных навукова-практычных канферэнцый “Праваслаўе ў духоўным жыцці Беларусі” (2007, 2011, 2013 гг.), міжнароднай навукова-багаслоўскай канферэнцыі “Благаверны князь Канстанцін (Васіль) Астрожскі – вядомы асветнік і абаронца Праваслаўя” (2008 г.), міжнароднай навуковай канферэнцыі “Традыцыі духоўнай і матэрыяльнай культуры пагранічча”, якія праводзіліся сумесна з Брэсцкай епархіяй Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Кафедра ажыццяўляе супрацоўніцтва з БДУ, Інстытутам гісторыі НАН Беларусі, ТАА “Брэстрэстаўрацыяпраект”, іншымі вучэбнымі і навуковымі ўстановамі краіны. Дацэнт Башкоў А.А., старшы выкладчык Піліповіч В.Ю. прымалі ўдзел у археалагічных даследаваннях шэрагу помнікаў архітэктуры Брэсцкай вобласці (палаца Пуслоўскіх ХIХ ст. у Косава Івацэвіцкага р-на, палаца Сапегаў у Ружанах Пружанскага р-на, палацава-паркавага комплексу ХVII–ХVIII стст. у в. Волчын Камянецкага р-на, сядзібы Дастаеўскіх ХVI–ХVIII стст. у в. Дастоева Іванаўскага р-на, палацава-паркавага ансамбля Нямцэвічаў ХVIII–ХIХ стст. у в. Скокі Брэсцкага р-на і інш.) у рамках рэспубліканскай і абласной праграм па адраджэнні і захаванні гісторыка-культурнай спадчыны.
Выкладчыкі кафедры падтрымліваюць плённыя сувязі з Беластоцкім універсітэтам (г. Беласток, Польшча), Інстытутам славяназнаўства РАН (г. Масква) і іншымі замежнымі навуковымі цэнтрамі і ўніверсітэтамі. У 2005–2007 гг. разам з расійскім гістарычным часопісам “Радзіма” ў рамках сумеснага праекта Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў і Расійскага гуманітарнага навуковага фонду ажыццяўлялася НДП “Беларускія землі паміж Расіяй і Польшчай у ХIХ–ХХ стагоддзях: нацыянальна-культурныя і грамадска-палітычныя фактары гістарычнага развіцця” (кіраўнік з беларускага боку – загадчык кафедры Вабішчэвіч А.М.).
Студэнцкія працы, падрыхтаваныя пад кіраўніцтвам супрацоўнікаў кафедры, рэгулярна займаюць прызавыя месцы на рэспубліканскім конкурсе даследчых работ.