З раніцы – на канферэнцыі ва Уфе, праз гадзіну – на занятках у Брэсце

14 лістапада ў г. Уфа (Расійская Федэрацыя) адбылася Усерасійская навукова-практычная канферэнцыя з міжнародным удзелам «Актуальныя праблемы ўзаемасувязі крымінальнага права і працэсу». Канферэнцыя была арганізавана інстытутам права Башкірскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пры дапамозе відэаканферэнцсувязі, арганізаванай Цэнтрам інфармацыйных тэхналогій БрДУ імя А.С. Пушкіна, у працы канферэнцыі прынялі ўдзел выкладчыкі кафедры крымінальна-прававых дысцыплін У.У. Лосеў і В.М. Іванчына.

Кандыдат юрыдычных навук, дацэнт Уладзімір Уладзіміравіч Лосеў выступіў з дакладам «Параўнальна-прававая характарыстыка суб’ектыўнага боку злоўжывання ўладай або службовымі паўнамоцтвамі». У дакладзе быў праведзены кампаратыўны аналіз беларускага і расійскага крымінальнага заканадаўства, а таксама Мадэльнага Крымінальнага кодэкса СНД.

Загадчык кафедры крымінальна-прававых дысцыплін, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт Вольга Мікалаеўна Іванчына выступіла з дакладам «Дэструктыўная рэлігіёзнасць праз прызму крымінальнага права і працэсу», дзе актуалізавала агульную для краін СНД праблему складанасці прыцягнення да крымінальнай адказнасці асоб, вінаватых у здзяйсненні злачынстваў на аснове рэлігійных перакананняў.

Супрацоўніцтва з навукоўцамі з Башкірыі стала вынікам пагаднення (пакуль вуснага) аб творчым узаемадзеянні. Раней (04.11.2016) студэнты з Уфы прынялі ўдзел у канферэнцыі па праблемах крымінальнай юстыцыі, праведзенай кафедрай крымінальна-прававых дысцыплін БрДУ імя А.С. Пушкіна.

Дзелавыя зносіны ў ходзе канферэнцыі паказалі, як важна карыстацца інфармацыйнымі тэхналогіямі ў сучасным свеце: гэта не толькі скароціць камандзіровачныя выдаткі і сэканоміць час, але і дазволіць пастаянна і эфектыўна абменьвацца вопытам і ідэямі на міжнародным узроўні.

Кафедра крымінальна-прававых дысцыплін

Падзяліцца: